Вельмі важна з самага ранняга ўзросту прывіць дзецям любоў да жывёл. Менавіта з гэтай мэтай супрацоўнікі ясляў-сада № 42 “Васілёк” Гродна “запрасілі” у госці да дзяцей жывёл з Гродзенскага заапарка.
Пра багацце жывёльнага свету нашы выхаванцы даведаліся дзякуючы незвычайным гасцям. У дзіцячым садзе пабывалі самыя розныя жыхары заапарка: чарапахі, трусы, пацукі, хамячкі, жаба, афрыканскі слімак (ахацін), прусакі, папугай, вавёрачка, савяня, яноты, дэкаратыўныя курачкі, яшчаркі, ліса і іншыя. Пра жывёл дзецям расказалі навуковы супрацоўнік і экскурсавод заапарка. Выхаванцы з задавальненнем слухалі іх займальныя апавяданні пра асаблівасці жыцця жывёл, харчаванне, паводзіны ў розных сітуацыях.
Больш за ўсё дзеці былі ў захапленні ад магчымасці дакрануцца да некаторых пацешных маленькіх звяркоў, адчуць іх дотык. Яны з радасцю бралі іх на рукі, гладзілі, кармілі, гулялі з жывёламі. Самымі папулярнымі сярод усіх былі насякомае палачнік, аблавухі шатландскі трусік і чарапашкі.
Спадзяемся, што гэта не апошняя сустрэча нашых выхаванцаў з жыхарамі Гродзенскага заапарка, і мы зноў сустрэнемся з яго незвычайнымі жыхарамі!
Надзея ДУДКО,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада № 42 Гродна