Школьнае лясніцтва “Сябры лесу”

- 9:42ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

На базе Пятрэвіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы створана школьнае лясніцтва “Сябры лесу”, мэта якога – прыцягненне навучэнцаў да вывучэння і захавання лясной экасістэмы.

Вучні знаёмяцца з лясной флорай і фаунай, вывучаюць уплыў чалавека і розных фактараў на экалагічны стан лесу. Штогод члены лясніцтва ўдзельнічаюць у пасадцы лесу і ўборцы ляснога масіву ад смецця, а таксама праводзяць даследчую работу.

Аднойчы падчас пасадкі лесу на тэрыторыі Лаўцоўскага лясніцтва вучні заўважылі, што вялікі ўчастак лесу гіне ад насякомых-шкоднікаў. Адразу ўзнікла здагадка, што магчымая прычына гэтага – памяншэнне колькасці мурашнікаў. Юныя эколагі вырашылі вывучыць значэнне рудых лясных мурашак у лясной экасістэме і ўсталяваць сувязь паміж колькасцю мурашнікаў і экалагічным станам лесу. Неабходна было праверыць гіпотэзу пра тое, што ступень пашкоджання лесу шкоднымі насякомымі залежыць ад колькасці рудых лясных мурашоў.

Для даследавання былі абраныя два ўчасткі лесу плошчай 4 га. Метадам падліку было ўстаноўлена, што на ўчастку № 1 знаходзіцца 18 мурашнікаў, на ўчастку № 2 – 11. Метадам назірання выяўлена, што на ўчастку № 1 дрэвы ў невялікай ступені пашкоджаныя лічынкамі насякомых, а на ўчастку № 2 пашкоджанні былі значныя, каля 30% дрэў заражаныя шкоднікамі.

У выніку праведзенага даследавання было высветлена, што на ўчастку лесу, на якім знаходзіцца большая колькасць мурашнікаў, дрэвы менш пашкоджаныя. На падставе гэтага была зроблена выснова, што рудыя мурашы абараняюць лес ад шкоднікаў, а гэта азначае, што экалагічны стан лесу залежыць ад колькасці мурашнікаў на яго тэрыторыі. Таму абарона лясных мурашак можа выратаваць лес.

Вучні таксама высветлілі, што роля рудых лясных мурашак у прыродзе велізарная і разнастайная. Яны сапраўдныя сябры лесу. Мурашы абараняюць лес ад шкоднікаў – вусеняў, лічынак пільшчыкаў і расліннаедных жукоў. За адзін дзень мурашыная сям’я знішчае да ста тысяч шкодных насякомых і захоўвае 1 га лесу. Яны паляпшаюць глебавае і травяное покрыва лесу, распаўсюджваюць насенне лясных раслін, служаць дадатковым кормам для дзятлаў, рабчыкаў, цецерукоў і сініц; спрыяюць размнажэнню насякомых-апыляльнікаў. У лясах, дзе шмат мурашак, няма масавага размнажэння шкодных матылькоў. Але гэтыя абаронцы лесу частасамі маюць патрэбу ў абароне. У лясных мурашак шмат ворагаў: кабаны, дзятлы, куніцы, людзі.

Задача членаў школьнага лясніцтва была не толькі ў тым, каб вывучыць уплыў рудых мурашак на лясную экасістэму, але і справай дапамагчы лесу. Таму вучні абгароджваюць вялікія мурашнікі, каб тыя не былі знішчаныя жывёламі, расчышчаюць дарожкі для мурашак, падсыпаюць да мурашнікаў маленькія галінкі і сасновыя іголкі, каб мурашам было лягчэй будаваць сваё жыллё, патрулююць лес, закрываюць адтуліны ў мурашніках, якія робяць дзятлы і куніцы. А таксама праводзяць асветніцкую работу, каб паказаць карысць лясных мурашак, распаўсюджваюць сярод мясцовага насельніцтва памяткі па захаванні лесу.

Дзіяна ГАНЧАРЫК,
вучаніца 11 класа
Пятрэвіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий