Родны край, яго гісторыка-культурныя каштоўнасці – гэтыя тэмы асабліва любяць вывучаць другакласнікі сярэдняй школы № 2 Гродна. Вучні з вялікай цікавасцю знаёмяцца са значнымі дасягненнямі айчыннай архітэктуры, прыроднымі помнікамі. Асаблівую актуальнасць такі накірунак выхаваўчай работы набывае ў Год малой радзімы.
Бясспрэчная важнасць малой радзімы ў лёсе чалавека. Кожны ўкладвае ў гэтае паняцце сваё значэнне. Малодшы школьны ўзрост – спрыяльны перыяд для фарміравання асноў ведаў аб малой радзіме. Для нашых хлопчыкаў і дзяўчынак яна пачынаецца з гарадскіх вуліц, па якіх штодзённа пралягае шлях у школу. У ходзе правядзення віртуальнай экскурсіі “Іх імёнамі названыя вуліцы” дзеці атрымалі першыя прадстаўленні пра важныя дасягненні людзей, чые імёны носяць бліжэйшыя вуліцы. Сярэдняя школа № 2 размешчана ў раёне значнага гарадскога аб’екта – чыгуначнага вакзала. На працягу навучальнага года мы пабывалі ў гасцях у нашых суседзяў, ацанілі кардынальна пераўвасоблены пасля рамонту будынак адной з архітэктурных жамчужын Гродна. Увагу дзяцей прыцягнула выстава фотаздымкаў з відамі роднага горада, прадстаўленая ў зале чакання. Не засталося незаўважаным намі і архітэктурнае ноу-хау – пузырковыя панэлі.
Напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у класе прайшоў круглы стол пад назвай “Ганарымся тым, што мы – беларусы”. Вучні з захапленнем разглядалі прадстаўленую тэматычную выставу, даведаліся цікавыя факты з жыцця знакамітых землякоў: Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа. З цікавасцю другакласнікі пагарталі старонкі Асноўнага закона краіны – Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Захапляльнай атрымалася і размова за круглым сталом, падчас якой абмяркоўваліся асноўныя артыкулы галоўнага дакумента. Нягледзячы на юны ўзрост, вучні дэманстравалі нядрэнны ўзровень назапашаных ведаў. Кожны з іх з задавальненнем падтрымліваў узнятую тэму.
Цікавай формай выхаваўчай работы стаў марафон вучнёўскіх выступленняў на тэму “Сем цудаў Беларусі” (па выніках інтэрнэт-галасавання, ініцыяванага “Народнай газетай” у 2011 годзе). Кожны з выступоўцаў спрабаваў сябе ў ролі аратара. Як адзначылі потым самі дзеці, няпроста было расказваць так, каб цябе ўважліва слухалі твае аднакласнікі. Магчыма, хтосьці з вучняў, чые паводзіны на ўроках да гэтага часу не былі бездакорнымі, пераасэнсуе іх па-новаму. У любым выпадку – гэта вопыт, які дае магчымасць даведацца шмат цікавых фактаў пра Белавежскую пушчу, возера Нарач, Брэсцкую крэпасць, Мірскі замак, Бабруйскую і Брэсцкую крэпасці, касцёл у Будславе. Некаторыя з названых абъектаў нашы дзеці ўжо паспелі ўбачыць сваімі вачыма падчас школьных экскурсій, таму ў выступленнях абапіраліся ў тым ліку і на ўласны вопыт.
У бліжэйшых планах – сустэцца з насельнікамі найстарэйшага ў краіне заапарка, які, да слова, таксама размяшчаецца ў некалькіх кроках ад нашай установы адукацыі. Засталося толькі падрыхтаваць падарункі, бо ў госці, згодна з традыцыяй, не прынята хадзіць з пустымі рукамі.
Аляксандра ЮРАШЧЫК,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 г. Гродна