У дашкольныя гады дзеці праяўляюць вялікую цікавасць да працы дарослых, у гульнях і побыце імкнуцца пераймаць іх. Педагогі ясляў-сада № 10 Навагрудка ствараюць у групах умовы, пры якіх дзеці могуць выкарыстоўваць прыклады паводзін дарослых.
У ранішнія і вячэрнія гадзіны з дзецьмі праводзяцца індывідуальныя і групавыя размовы: “Мы памочнікі ў групе”, “Кім я стану, калі вырасту”, “Якая прафесія самая важная” і інш. Дзеці расказваюць, дзе працуюць іх бацькі, як яны дапамагаюць дома сваім матулям і татам, як даглядаюць сваіх хатніх жывёл.
Для ўзмацнення эмацыйнага ўздзеяння на дашкалят выкарыстоўваецца дзіцячая мастацкая літаратура: “Айбаліт” К.Чукоўскага, “Грузавік” А. Барто, “Будаўнікі” і “Шафёр” Б. Захадэра, “Кім быць” У. Маякоўскага, малыя знаёмяцца з прыказкамі і прымаўкамі аб працы, а таксама ствараюць альбом “Прафесіі бываюць розныя”.
Атрыманыя ўяўленні дзеці адлюстроўваюць у сюжэтна-ролевых гульнях на бытавую тэматыку: “Сям’я”, “Шпіталь”, “Дзіцячы сад”, “Крама”, “Салон прыгажосці” і інш. Такія гульні носяць самастойны творчы характар, а гэта дае ўнутранае адчуванне свабоды. Творчасць праяўляецца ў пераўвасабленні дзіцяці ў вобраз дарослага чалавека, ролю якога ён узяў.
Фарміраванне ўяўленняў дзяцей дашкольнага ўзросту пра свет прафесій – гэта важны складальнік выхавання, якім кіруе педагог, выкарыстоўваючы ў сваёй дзейнасці ўсе магчымасці працэсу навучання, улічваючы пры гэтым ўзроставыя і індывідуальныя асаблівасці дашкольнікаў.
Інеса САФАРЭВІЧ,
намеснік загадчыка ясляў-сада № 10 г. Навагрудка