Сёння наш свет становіцца больш адкрытым. Мы маем зносіны з людзьмі іншых краін. І вельмі сорамна, калі на пытанне “Адкуль ты?” чалавек не можа расказаць пра сваю радзіму, пра яе славутасці, пра знакамітых людзей, пра родную прыроду і гісторыю. Шукаючы і адкрываючы нешта новае, мы не заўважаем, як паступова губляем тое святое, спрадвечнае, што яшчэ нашы продкі называлі непарыўнай сувяззю часоў – нашу спадчыну. А яна, несумненна, заключаецца ў роднай мове, у працавітых людзях, у тых рэчах і прадметах, якія яны робяць сваімі рукамі… Варта толькі прыгадаць тканыя ручнікі, абрусы і посцілкі, посуд з гліны, драўляныя бочкі, жалезныя прылады працы і многае іншае. Кожны з гэтых прадметаў можа расказаць нам, як жылі нашы продкі, чым займаліся, што апраналі, як вялі гаспадарку. Як жа нам не згубіць гэтую повязь часоў? Як навучыць дзяцей берагчы і любіць тое, што маеш? Як прывіць павагу да працы продкаў?
З гэтага навучальна года на базе нашай установы адукацыі рэалізуецца інавацыйны праект «Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый вучняў на аснове стварэння і рэалізацыі турысцка-краязнаўчых медыяпадарожжаў». У межах дадзенага праекта з вучнямі V класа былі ўжо праведзены такія пазакласныя мерапрыемствы, як квэст-гульня “З родным словам па жыцці”, турнір “Знаўцы народнай мудрасці”, гульня-віктарына “Мая Радзіма – Беларусь”, гульня “Краязнаўчы калейдаскоп”. А нядаўна вучні бралі ўдзел яшчэ ў адным турніры з прыгожай назвай “Таямніцы роднай мовы”. Несумненна, важная роля ў фарміраванні грамадзянска-патрыятычнах якасцей належыць роднай мове. Калісьці класік беларускай літаратуры Я Коласа сказаў: “Роднае слова — гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет”. Сапраўды, як можна любіць свой народ, не ведаючы яго мовы? Як можна быць патрыётам, не размаўляючы на роднай беларускай мове?
Дзеці па сваёй прыроде вельмі дапытлівыя. Яны з вялікім задавальненнем і жаданнем ўключаюцца ў розныя віды творчай дзейнасці.Падчас турніру ўдзельнікі адкрывалі таямніцы раней незразумелых,“чужых” для іх слоў. Разгадаўшы крыжаванку, дзеці склалі слова ”майстэрства”.Цікава было даведацца, чым займаецца бондар, шавец, кравец, каваль, ганчар, ткач. У руках удзельнікаў аказаліся вырабы народных умельцаў–пакуль толькі ў малюнках– якія трэба было суаднесці з пэўнымвідам дзейнасці майстра.
Спецыфіка нашай працы такая, што мы сеем збожжа розуму і дабрыні, а прарастае яно яшчэ не хутка, не раптам. У адным з сачыненняў мой вучань напісаў: “Чалавек багаты сваімі каранямі. Для мяне радзіма пачынаецца з маёй сям’і, з майго дома, з майго горада… Я хачу ведаць свае карані, хачу ганарыцца сваёй зямлёй, сваім народам… Я круглянец, і я шчаслівы!”. І радасна бачыць, як прарастае зерне, якое ты калісьці пасадзіў… Часам да нашага агульнага смутку яно не прарастае зусім.
Таму ці стануць нашы дзеці сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны, духоўна-маральнымі людзьмі, якія ведаюць і любяць сваю Бацькаўшчыну, захоўваюць яе традыцыі … гэта залежыць ад нас.
Напрыканцы турніру “Таямніцы роднай мовы” дзеці разгадвалі пажаданне кожнаму грамадзяніну Беларусі: размаўляй па-беларуску.
Пачніце размаўляць на роднай мове – і перад вамі адкрыецца цэлы свет.
Таццяна ХМЯЛЕЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Круглае”