Пасадка дрэў — гэта не проста клопат пра экалогію, але і, што не менш важна, магчымасць пакінуць след на Зямлі, памяць пра сябе, своеасаблівы наказ для наступных пакаленняў. Асабліва важна зрабіць гэта напярэдадні найвялікшага свята для нашага народа — 75-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Вучні нашай школы не засталіся ўбаку, і група школьнікаў Гудзевіцкай школы адправілася ў Лунненскае лясніцтва. Дзеці цудоўна разумелі, што азеляненне краіны — вельмі важная справа. Само дрэва — сімвал міру, напамін пра крохкасць прыроды і неабходнасць яе абароны.
Школьнікі з энтузіязмам узяліся за справу. Задзірыста, з нейкім незразумелым, але ў той жа час простым пачуццём гонару, старанна працавалі.
Кіраўнікі лясніцтва патлумачылі і наглядна паказвалі, як правільна выкопваць лунку, змяшчаць у яе саджанец, як умацаваць маленькую безабаронную хвойку ў глебе, каб яна магла расці і развівацца ў поўную сілу. Каб пасадзіць новы лес у дзялянцы, загадзя была праведзена вясновая падрыхтоўка глебы. І не менш важным мы палічылі тое, з якім настроем будзем прымацца за пасадку.
Спадзяёмся, што саджанцы прыжывуцца і дапамогуць захаваць нашу планету, а таксама будуць выдатным падарункам вялікаму святу — 75-годдзю Перамогі. І кожны, хто прыняў удзел у пасадцы гэтых дрэў, праходзячы міма і зірнуўшы на іх, падумае: “Тут ёсць часцінка і маёй дабрыні”.
Святлана ШЧАРБІНА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Гудзевіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна