75 гадоў Вялікай Перамогі! Гэтая круглая дата упамінаецца з усіх экранаў, ва ўсіх радыётрансляцыях. А што такое Вялікая Перамога? Які сэнс крыецца ў гэтых двух кароткіх словах?
Гэта 1418 дзён і начэй перамог кожнага чалавека над сабой, у першую чаргу. Бо, пагадзіцеся, кожнаму, хто ішоў на поле бою, у душы хацелася, адкрыўшы вочы, убачыць, што ўсе страшныя падзеі ваеннага ліхалецця апынуліся кашмарным сном. Але не, нашых дзядоў і прадзедаў абуджалі не спеў пеўня і птушак, а выбухі снарадаў. І нашы воіны, нашы партызаны, штодня пераадольваючы свой страх, пераадольваючы нязведанасць, пераадольваючы тугу па родным, трансфармуючы іх ва ўсенародную любоў да жыцця і свабоды, у сілу арміі і брацкае адзінства, ішлі насустрач смерці, ахвяравалі сабой, каб падарыць нам, дзецям XXI стагоддзя, мірнае неба над галавой.
Менавіта таму мы шануем брацкія магілы і магілы невядомых салдат. Мы паважаем памяць кожнага паасобку і ўсіх салдат у цэлым, мы з заміраннем сэрца слухаем жураўліны крык, як быццам і сапраўды чуем плач загінулых воінаў Вялікай Айчыннай вайны.
Але з кожным годам у «жураўліным крыку» ўсё больш выразна чуецца просьба захаваць памяць. Бо з кожным днём жывых сведак тых страшных гадоў становіцца, на вялікі жаль, усё менш. Сёння мы яшчэ можам падарыць кветкі, паціснуць руку, аказаць дапамогу ветэранам… Але час бязлітасны. І сёння нам, дарослым, трэба выхоўваць у падрастаючага пакалення адказнасць за захаванне Памяці Вялікай Перамогі, выхоўваць у дзецях ўсвядомленую неабходнасць даглядаць за брацкімі магіламі, ускладаць да іх падножжа жывыя кветкі.
Па ініцыятыве Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта ў Навагрудскім раёне была спраектавана і ўвасоблена ў жыццё ініцыятыва пад назвай «Эстафета “Марафон Памяці”».
У ходзе эстафеты навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі вывучалі гісторыю помнікаў, абеліскаў, брацкіх магіл, якія замацаваны за ўстановамі. У сваіх дружынах яны праводзілі зборы, дзе дзяліліся вывучаным матэрыялам, рыхтавалі да віктарыны. Ініцыятыўныя групы падчас класных гадзін і ў канікулярны перыяд распавядалі малодшым школьнікам пра гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, пра подзвігі герояў, праводзілі віктарыны па складзеных у дружынах пытаннях.
Для таго каб пра кожны помнік даведалася як мага больш людзей, навучэнцы школ правялі акцыю па добраўпарадкаванні. У ходзе навядзення парадку, навучэнцы праводзілі онлайн-трансляцыю, на камеру распавядалі пра помнік, за якім даглядаюць.
Сёння мы з упэўненасцю можам сказаць, што маладое пакаленне Навагрудчыны памятае і ганарыцца подзвігам сваіх дзядоў і прадзедаў.
Алена МІКЛАШ,
дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.