Набліжаецца вялікае свята – Дзень Перамогі. У гэты дзень мы выказваем шчырую ўдзячнасць ветэранам за іх гераічны подзвіг. Напярэдадні свята ў гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага Свіслачы адбылася акцыя “Чытаем вершы пра вайну…”. Вучні 2–10 класаў чыталі творы беларускіх аўтараў пра трагічныя падзеі той далёкай вайны.
Хлопчыкі і дзяўчынкі праз змест і эмацыянальны настрой стваралі мужныя і гераічныя вобразы беларускіх партызан, самотны вобраз дзяўчыны, якая піша ліст з палону, самаахвярных дзяцей бацькі Міная, якія не разумеюць, што адбываецца вакол. Вучаніца 9 класа Гедзько Аляксандра, апрануўшы вайсковую форму, вельмі паэтычна і трагічна, лірычна і адначасова эпічна распавяла “Баладу пра спаленую вёску і пеўня, які больш не пяе” А. Вярцінскага.
У вершах А. Куляшова, П. Макаля, Ю. Свіркі так дзіўна і вельмі натуральна спалучаюцца хваляванні аўтара, яго асабістыя пачуцці з пачуццямі і перажываннямі ўсяго народа. І гэта здолелі перадаць юныя чытальнікі. Сёння наша задача – захаваць памяць пра тыя страшныя падзеі, якія забралі жыцці тысяч людзей. Памяць трэба для таго, каб шанаваць сучаснасць. Праз такія акцыі Беларусь памятае!
Інэса СЕМЯНЯКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1
імя К. Каліноўскага Свіслачы