Напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі выхаванцы ясляў-сада № 15 Смаргоні на пряцягу тыдня ўдзельнічалі ў цэлым шэрагу мерапрыемстваў. У ходзе іх правядзення педагогі пастараліся перадаць уласныя веды пра гістарычныя падзеі, расказаць пра тых, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
У групах правялі гутаркі пра Вялікую Айчынную вайну, чыталі кнігі, афармлялі альбомы і выставы. Ва ўстанове была аформлена кніжная выстава “Чытаем дзецям пра вайну”. Апавяданні пра гераізм, мужнасць, стойкасць салдат надоўга застануцца ў памяці выхаванцаў.
Удзел дзяцей старшых груп у флэшмобе “Дзень Перамогі – ў сэрцы нашчадкаў” спрыяў выхаванню ў іх пачуцця патрыятызму і гонару за сваю краіну. Вершы пра Радзіму і пра Дзень Перамогі, якія прачыталі дзеці, былі запісаны і прадэманстраваны дзецям іншых груп.
Бацькі нашых выхаванцаў прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы выставы “Дарослым і дзецям патрэбен мір на ўсёй планеце”. На выставе дзеці з вялікай цікавасцю разглядалі тэматычныя паштоўкі, плакаты, ваенную тэхніку. Дзяцей і дарослых зацікавіў нумар газеты “Праўда”, дата выпуску якога вельмі знамянальная – 10 мая 1945 года. З гонарам у вачах глядзелі выхаванцы на фотаздымкі і ўзнагароды сваіх прадзедаў, якія аддалі жыццё за мір, за шчаслівае дзяцінства унукаў і праўнукаў.
Выхаванец сярэдняй групы Радзівон Марчанка з вялікай цікавасцю і гонарам распавядаў пра свайго прадзеда, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў снайперам, дайшоў да Берліна, за доблесць і адвагу быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, а таксама медалямі “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй”.
Пазіцыя дарослых, іх асабісты прыклад, цікавасць да падзей Вялікай Айчыннай вайны і трапяткое стаўленне да памяці продкаў перададуцца дзецям, дапамогуць ім сфарміраваць паважлівыя адносіны да подзвігаў нашых дзядоў і прадзедаў, гонар за мінулае і сучаснасць нашай краіны.
Ірына ЗЯНКЕВІЧ, Алена ТРАСКОЎСКАЯ