Тэма Вялікай Айчыннай вайны для нашых дзяцей – далёкая гісторыя. Калі мы, унукі і праўнукі ўдзельнікаў вайны, не перададзім нашчадкам, што перажылі нашы дзядулі і бабулі – сувязь часоў, сямейная нітка перарвецца. Неабходна пастаянна аднаўляць гэтую сувязь, каб і нашыя дзеці адчулі: яны маюць, няхай і апасродкаванае, стаўленне да тых далёкіх ваенных падзей.
У першай палове мая ў Малабераставіцкім яслях-садзе прайшлі тэматычныя мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Тэматычныя заняткі «Не забыць нам той вайны», пазнавальныя гутаркі «Дзеці і вайна», «Ваенныя ўзнагароды», прагляд відэаролікаў, прэзентацый пазнаёмілі нашых выхаванцаў з падзеямі вайны, ваеннай формай таго часу, узнагародамі.
Для старшых дашкольнікаў была арганізавана конкурсна-гульнявая праграма «Што такое Дзень Перамогі? Гэта значыць – няма вайны!». Юным байцам давялося прайсці спаборніцтвы «Хто хутчэй», «Моцныя разведчыкі», эстафету «Пілотка таварыша». Падчас конкурсу дзецям прадэманстравалі кадры кінахронікі ваенных гадоў, а таксама відэа святочнага салюта. Напрыканцы свята выхаванцы і педагогі хвілінай маўчання ўшанавалі памяць салдат, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У час мерапрыемства былі выкананы песня «Галоўнае свята» і танец «Жураўлі».
На працягу дэкады дзеці пазнаёміліся з апавяданнямі беларускіх дзяцей пра дні Вялікай Айчыннай вайны з кнігі «Ніколі не забудзем».
У ходзе сумеснай творчай дзейнасці былі зроблены віншавальныя паштоўкі, франтавыя трохкутнікі.
Ва ўстанове адукацыі для старшых дашкольнікаў была арганізавана міні-выстава, прысвечаная ваеннай тэматыцы. Педагогі распавялі пра значнасць кожнага экспаната. Дзеці слухалі, затаіўшы дыханне. А з якім трапятаннем яны бралі ў рукі баявыя ўзнагароды, дакраналіся да экспанатаў!
Для малодшых дашкольнікаў было арганізавана тэматычнае прадметна-прасторавае асяроддзе: ваенная тэхніка, розныя прадметы, якія належаць вайскоўцам. Усё прадстаўлена ў выглядзе дзіцячых цацак, што дазволіла ў гульнявой форме расказаць дзецям пра ваенную тэхніку, пра дысцыпліну ў войску, пра тое, якімі павінны быць сапраўдныя байцы.
Усе гэтыя мерапрыемствы вельмі важныя для дзяцей. Для тых, хто не ведаў вайны, кожнае сутыкненне з жывой гісторыяй, кожны аповед пра славутыя старонкі нашай дзяржавы напоўнены асаблівым сэнсам, які спрыяе грамадзянскаму і маральнаму станаўленню асобы.
Ірына ПАЛЬЯНОЎСКАЯ,
загадчык Малабераставіцкага ясляў-сада Бераставіцкага раёна