Валанцёры і цімураўцы Вензавецкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна далучыліся да акцыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “Свету – сад”, прымеркаванай да 75-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і скіраванай на пасадку пладовых дрэў.
Сумесна з першым сакратаром раённага камітэта БРСМ Кацярынай Хілімончык школьнікі высадзілі на тэрыторыі ўстановы маладую вішнёвую алею. Моладзевы лідар расказала валанцёрам і цімураўцам, што акцыю “Свету – сад” плануецца праводзіць штогадова. Яна будзе, як і сёлета, праходзіць напярэдадні 9 Мая. Пладовыя дрэвы, якія саджае моладзь, сімвалізуюць дабрабыт і мірнае жыццё нашай краіны. Яны нагадваюць пра цану подзвігу пакалення Вялікай Айчыннай вайны, якое здабыло для нас свабоду. Абавязак моладзі – ніколі не забываць пра гэта.
Валанцёры, навучэнцы 11-га класа упэўненыя, што пакінулі пра сябе добрую памяць на доўгія гады, а на прышкольнай тэрыторыі ўраджаем вішань будуць з задавальненнем частавацца мясцовыя вучні.
Цімураўцы сцвярджаюць, што паколькі высаджаная імі вішнёвая алея яшчэ і юбілейная, то яна будзе ўсім навучэнцам і педагогам нагадваць пра 75-годдзе Вялікай Перамогі.
Аксана РОЎБА,
педагог-арганізатар Вензавецкага дзіцячага сада –
сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна