Колькі б гадоў ні мінула з дня Перамогі, час ніколі не згладзіць з памяці народа падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Не апошнюю ролю ў гэтым адыгрываюць творы пісьменнікаў. Кнігі пра вайну даюць чытачам уяўленне пра самую вялікую трагедыю мінулага стагоддзя.
У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 75-й гадавіне Перамогі, навучэнцы Смалявіцкай раённай гімназіі прынялі ўдзел у літаратурных чытаннях “Чытаем пра вайну разам”, праведзеных настаўнікамі рускай мовы і літаратуры В.В.Ігнашовай і беларускай мовы і літаратуры А.С.Навуменка.
Галоўная мэта мерапрыемства – выхаванне патрыятычных пачуццяў у дзяцей на прыкладзе лепшых узораў літаратуры пра Вялікую Айчынную вайну. Гэтае мерапрыемства заклікана звязаць пакаленні. Для цяперашніх навучэнцаў ваенныя гады – зусім далёкае мінулае, і ўсё радзей у іх ёсць магчымасць чуць гісторыі пра ваенны і блакадны час з вуснаў непасрэдных удзельнікаў падзей. Праз літаратуру і творчасць дзеці атрымліваюць магчымасць дакрануцца да гісторыі сваёй краіны, свайго горада.
Ва ўступнай гутарцы вучні разважалі пра тое, што такое вайна, калі яна была, як яны разумеюць словы “Вялікая Айчынная”, выказвалі свае меркаванні пра тое, чаму наш народ атрымаў перамогу. Пасля гэтага гімназісты праслухалі “Свяшчэнную вайну”, прагледзелі прэзентацыю з выкарыстаннем кадраў ваеннага часу, ушанавалі памяць загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання.
Вучні 6-га класа падрыхтавалі выразнае чытанне на памяць. Навучэнец 10-га класа Мікіта Аўрамаў, удзельнік абласнога конкурсу “Жывая класіка” прачытаў твор Вярцінскага “Рэквіем па кожным чацвёртым”.
Кожны з выканаўцаў змог выказаць пачуцці аўтараў, не пакінуў абыякавым ні аднаго слухача. Ды інакш і быць не магло: вершы перадавалі мужнасць, гераізм, адвагу савецкіх людзей, жыццё і подзвігі якіх будуць служыць прыкладам для ўсіх пакаленняў.
Вучні 8-га класа падзяліліся ўражаннямі ад прачытаных твораў Шолахава, Сіманава, Твардоўскага, Васільева, Фадзеева, Граніна, Быкава, Палявога і іншых вядомых і менш вядомых сучасных пісьменнікаў.
Чытаць пра вайну часам вельмі страшна, але чытаць і ведаць трэба, каб тая гісторыя ніколі не паўтарылася. Няма сумненняў у неабходнасці такіх мерапрыемстваў. Яны дапамагаюць юнаму пакаленню ясней зразумець той суровы час, калі мужнасцю, стойкасцю, самаадданай працай савецкага народа была выратавана нашая Бацькаўшчына; выхоўваюць у дзецях пачуццё патрыятызму, інтэрнацыяналізму, абавязку перад старэйшымі пакаленнямі, датычнасці да гісторыі роднай краіны.
Вольга ІГНАШОВА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры Смалявіцкай раённай гімназіі