Самае галоўнае ў жыцці – гэта сям’я

- 11:36ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Штогод 15 мая адзначаецца Міжнародны дзень сям’і. З сям’і пачынаецца жыццё чалавека, тут адбываецца фарміраванне яго як асобы. Бо менавіта сям’я сустракае дома дзіця, якое з’явілася на свет, і акружае яго бацькоўскай любоўю. Самае галоўнае ў жыцці – гэта сям’я, спачатку тая, у якой ты нараджаешся, потым тая, якую ствараеш сам.

Сям’я шмат значыць не толькі для дзіцяці, але і для дарослага чалавека. Гэта вельмі добра разумеюць у Гезгалаўскім яслях-садзе і надаюць вялікае значэнне таму, каб сем’і выхаванцаў былі моцнымі, дружнымі, каб у іх панавалі лад і згода, добры прыклад бацькоў, адчуванне абароненасці, надзейнасці.

Увесь дзень 15 мая ў нашай дашкольнай установе быў тэматычны. Так, выхаванцы групы інтэграванага навучання і выхавання і рознаўзроставай групы № 3 падрыхтавалі выстаўкі малюнкаў на тэму “Мая сям’я”, дзеці рознаўзроставай групы № 2 намалявалі свае сем’і з далонек.

У другой палове дня ў музычнай зале адбылася забава, прысвечаная Міжнароднаму дню сям’і. Спачатку выхаванцы старэйшага дашкольнага ўзросту ўспомнілі ўсе свае асноўныя правы: на жыццё, на сям’ю, на медыцынскае абслугоўванне, на адпачынак, на абарону ад фізічнага і псіхалагічнага насілля і інш. Затым падрабязней спыніліся на праве дзяцей на сям’ю.

Кожнае дзіця мае права жыць і выхоўвацца ў сям’і, і гэта права парушыць нельга. Сям’я – гэта дарослыя і дзеці, самыя блізкія людзі для дзіцяці – яго бацькі, якія жывуць разам, любяць адзін аднаго, клапоцяцца адзін пра аднаго. Мама накорміць, напоіць, прыгалубіць. Ёсць у народзе прыказка: “Хто маці не слухае, той у пальцы дзьмухае”. Тата – таксама блізкі і дарагі чалавек, шмат чаму навучыць. Пра тату гавораць: “Бацька сына кепскаму не навучыць”. 

Дзеці расказвалі пра свае сем’і. Называлі самыя добрыя словы пра маму, адзначалі, якая яна ласкавая, працалюбівая, добрая, уважлівая, клапатлівая, пяшчотная і інш., успомнілі, які тата моцны, смелы, працалюбівы, дужы. Малыя ўспомнілі, што мама ўмее шыць, гатаваць, мыць, прыбіраць, а тата – пілаваць, капаць, пыласосіць. Падчас фізкультхвілінкі (пальчыкавай гімнастыкі) выхаванцы расказалі пра свае дружныя сем’і і паказалі кожнага члена сям’і на пальчыках.

Далей педагог прапанавала ўспомніць, якія казкі, творы пра сям’ю ведаюць дзеці. Былі названы казкі “Тры мядзведзі”, “Рэпка”, “Воўк і сямёра казлянят”, “Тры парсючкі”, “Папялушка”, “Бураціна” і інш. Казка “Рэпка” была праінсцэніравана старэйшымі дашкольнікамі, а выхавальнік нагадала, што ў сям’і заўсёды патрэбныя ўзаемападтрымка і ўзаемадапамога.

Затым дзецям была прапанавана гульня “Клубочак”, падчас якой кожны перадаваў нітку наступнаму, у выніку чаго атрымалася замкнутае кола. На прыкладзе звязаных адной ніццю дзяцей ім было растлумачана, што так і ў сям’і ўсе звязаны адной непарыўнай нябачнай ніццю, якую нельга абрываць.

Потым дзецям была прапанавалі падумаць, што б яны хацелі пажадаць сваёй сям’і. Пасля дзяўчынкі рознаўзроставай групы № 3 паказалі сцэнку “Тры мамы”. Пад вясёлую песеньку пра сям’ю выхаванцы з задавальненнем выканалі прыгожы танец. Напрыканцы мерапрыемства педагог сацыяльны пажадала ўсім сем’ям цяпла, дабрыні, любові, узаемапавагі і спакою.

Галіна ГАЎРОШ,
педагог сацыяльны Гезгалаўскага ясляў-сада Дзятлаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий