Спартыўная гадзіна – адзін з кампанентаў фізкультурна-аздараўленчай работы ў групе падоўжанага дня ў пазаўрочны час.
Большую частку дня навучэнцы, якія наведваюць групу падоўжанага дня, праводзяць у сценах установы. Для таго каб актывізаваць працу дзяцей па паспяховым замацаванні і паўтарэнні навучальнага матэрыялу падчас самападрыхтоўкі, трэба ўвесь час клапаціцца пра здароўе дзяцей, бо вядома, што фізічная слабасць дзіцяці ўплывае на яго вучэбную дзейнасць, такія дзеці хутчэй стамляюцца, іх працаздольнасць памяншаецца.
З мэтай фарміравання навыкаў здаровага ладу жыцця, павышэння цікавасці да фізічнай культуры і спорту, развіцця такіх фізічных якасцей, як сіла, спрыт, хуткасць, вынослівасць, у групе падоўжанага дня Ціманаўскай сярэдняй школы прайшло спартыўнае свята “Казачныя вясёлыя старты”. Хлопчыкі і дзяўчынкі на практыцы паказалі свае фізічныя ўменні і навыкі ў спорце. Дух спаборніцтва гуртуе дзяцей у калектыў, дзе ёсць магчымасць раскрывацца кожнаму, дзе замкнёныя робяцца больш раскаванымі і пачынаюць верыць у свае сілы, а вельмі актыўныя атрымліваюць шырокае поле для рэалізацыі сваіх здольнасцей.
Вядучай мерапрыемства была Баба-Яга, якая падрыхтавала для школьнікаў казачныя эстафеты “Кот у ботах”, “Калабок”, “Папялушка”, “Жаба-царэўна”, “Ступа Бабы-Ягі”. Выхаванцы з задавальненнем “лёталі” у ступе, скакалі па купінах, ратуючы Жабу-царэўну, пераадольвалі перашкоды, уцякаючы ад хітрай Лісы.
У спартыўнай зале панавала атмасфера непадробнага дзіцячага захаплення і азарту. Напрыканцы свята нават злая Баба-яга стала больш ласкавай, пасябравала з удзельнікамі эстафет і пачаставала іх салодкімі прызамі за імкненне да здаровага ладу жыцця.
Вольга КАКАШЫНСКАЯ,
выхавальнік ГПД Ціманаўскай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна