Стварэнне экалагічнай сцежкі ў дашкольнай установе спрыяе фарміраванню экалагічнай культуры выхаванцаў. Дашкольнікі засвойваюць тут не толькі навуковыя веды пра прыроднае асяроддзе, але і этычныя і прававыя нормы, звязаныя з прыродакарыстаннем, спасцігаюць адносіны чалавека да навакольнага асяроддзя ў працэсе працы і адпачынку.
У летні перыяд экалагічная сцежка можа выкарыстоўвацца для арганізацыі прагулкі, пазнавальнай, прыродаахоўнай, працоўнай і мастацкай дзейнасці выхаванцаў. У залежнасці ад узросту дзяцей на аб’ектах экалагічнай сцежкі праводзяцца рознага віду назіранні, гульні, экскурсіі.
З мэтай выкарыстання магчымасцяў прыроднага наваколля ў арганізацыі адукацыйнага экалагічнага асяроддзя на тэрыторыі ўстановы дашкольнай адукацыі напярэдадні летняга аздараўленчага перыяду ў Смаргонскім раёне прайшоў конкурс на лепшы праект экалагічнай сцежкі.
Для ўдзелу ў конкурсе ўстановы дашкольнай адукацыі паказалі картасхемы і пашпарты экалагічных сцежак, метадычныя распрацоўкі арганізацыі пазнавальнай практычнай дзейнасці выхаванцаў, відэаролікі. Матэрыялы адлюстроўвалі комплексны падыход да стварэння ўмоў па арганізацыі эколага-развіццёвага асяроддзя на тэрыторыі ўстановы, магчымасці навакольнай прыроднай прасторы ў даследаванні аб’ектаў і з’яў прыроды, выхаванні прыродаахоўных і працоўных навыкаў. Былі прыведзеныя змястоўныя рэкамендацыі па выкарыстанні аб’ектаў экалагічнай сцежкі ў адукацыйным працэсе з дзецьмі розных узроставых груп.
Пераможцамі конкурсу сталі яслі-сад № 6 Смаргоні і Сольскі яслі-сад. Другое месца – у Смаргонскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці і Крэўскага ясляў-сада – сярэдняй школы. Дыпломамі трэцяй ступені адзначаны яслі-сад № 10, Смаргонскі яслі-сад – пачатковая школа і Асінаўшчызненскі яслі-сад – пачатковая школа.
Ірына ШАПУЦЬКО,
метадыст Смаргонскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета