Незвычайна вырашылі адзначыць Міжнародны дзень абароны дзяцей у Гомельскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі. Тут арганізавалі дзве цікавыя анлайн-сустрэчы пад назвай “Прамы эфір: у інтарэсах падлеткаў”.
На анлайн-платформе сустрэліся педагогі і навучэнцы Гомельскага абласнога палаца творчасці, а таксама Чарнігаўскага абласнога палаца дзяцей і юнацтва, Бранскага абласнога губернатарскага Палаца дзіцячай і юнацкай творчасці імя Ю.А.Гагарына.
Падчас прамых эфіраў удзельнікі абмеркавалі дзіцячыя і падлеткавыя ініцыятывы, падзяліліся вопытам і асаблівасцямі арганізацыі вучнёўскага самакіравання ў сваіх абласцях, а таксама падыскутавалі пра перспектывы міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.
– Атрымаўся цікавы, канструктыўны дыялог, – ахарактарызаваў анлайн-мерапрыемства загадчык аддзела Гомельскага палаца творчасці дзяцей і моладзі Уладзімір Александронец. – Падчас анлайн-гутарак мы прадставілі свой вопыт падтрымкі і развіцця падлеткавых ініцыятыў у Гомельскай вобласці, а нашы калегі з Чарнігаўшчыны і Браншчыны, у сваю чаргу, падзяліліся эфектыўнымі практыкамі, якія існуюць у іх рэгіёнах.
Сучасныя тэхналогіі даюць неверагодную магчымасць на любой адлегласці дзяліцца вопытам, вучыцца і абмяркоўваць розныя пытанні. Няма сумненняў, што прапанаваныя падчас анлайн-сустрэч ініцыятывы і ідэі знойдуць сваё адлюстраванне ў новых мерапрыемствах, галоўным рухавіком якіх стане моладзь трох абласцей краін-суседзяў.
Наталля ЛУТЧАНКА