З мэтай фарміравання, замацавання і абагульнення ў дзяцей дашкольнага ўзросту ўяўленняў пра аб’екты і з’явы прыроды ў яслях-садзе № 10 Навагрудка створана экалагічная сцежка.
Калектывам педагогаў распрацаваны пашпарт экалагічнай сцежкі “У гасцях у гнома Экагнома”, у якім пазначаны існуючыя станцыі з іх падрабязнымі характарыстыкамі, фатаграфіямі і маршрутнымі лістамі для арыенціроўкі. У склад экалагічнай сцежкі уваходзіць 14 станцый, на кожнай з якіх дзеці даведваюцца шмат новага пра жывёльны і раслінны свет, пра з’явы і змены ў прыродзе, вучацца назіраць і эксперыментаваць, знаёмяцца з разнастайнасцю прыроды.
На экалагічнай сцежцы можна арганізоўваць з дзецьмі і іх бацькамі экалагічныя гутаркі, экскурсіі і назіранні за прыродай, мэтавыя прагулкі, экалагічныя гульні ды і проста з карысцю праводзіць вольны час. Акрамя таго, створаная ў нашай установе экалагічная сцежка дазваляе вырашаць мастацка-эстэтычныя і аздараўленчыя задачы, спрыяе праяве і развіццю творчых здольнасцей дзяцей.
Інеса САФАРЭВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 10 Навагрудка