Напярэдадні Дня абароны дзяцей у інтэграванай группе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы рэалізаваны міні-праект “Аб правах – гуляючы!”.
Дашкаляты здзейснілі цiкавае падарожжа ў свет правоў чалавека праз цыкл трэнінгавых заняткаў па знаёмству з сацыяльным светам у форме гульнявых і пазнавальных сітуацый, якія спрыяюць асэнсаванню дзецьмі правоў дзіцяці, развіццю ў іх пачуцця ўласнай годнасці, цярпімасці і павагі да ўсіх людзей.
Выхаванцы мелі магчымасць пазнаваць навакольны свет на ўласным вопыце: назіралі як ставяцца блізкія людзі адно да аднаго, вызначалі колер вачэй, валасоў свайго таварыша, імкнуліся зразумець, што радуе і што засмучае сяброў і родных. Гэта спрыяла развіццю эмпатыi і эмацыянальнай спагадлівасці ў дзяцей, а значыць, і рэалізацыі права на сяброўства, увагу, клопат. Варта адзначыць, што азнаямленне з правамі дзіцяці праходзіла на прыкладзе добра знаёмых дзецям казак.
На занятках “Я маю права” дзецi пазнаёміліся з правам жыць і выхоўвацца ў сям’і, абмеркавалі, што такое сям’я. Дзеці з задавальненнем расказвалі аб тым, як бацькі праяўляюць клопат аб сваім дзіцяці, але не забыліся, што і дзеці павінны дапамагаць бацькам. Практыкаванне “Сагрэйце птушачку” дапамагло малым адчуць, як гэта прыемна і адказна – аб кім-небудзь клапаціцца. Разам з бацькамі нашы выхаванцы стварылі герб сям’і, расказалі аб сямейных святах і традыцыях.
На занятках “Вашы правы, дзеці” дашкаляты ў даступнай форме засвоілі, што ў кожнага дзіцяці ёсць права на iмя. Дзеці атрымалі звесткі аб паходжанні імёнаў, іх значнасці, вырашалі праблемныя сітуацыі (“Ці можна жыць без імя і прозвішча”, “Калі б усіх называлі аднолькава”, “Я заблудзіўся”), успаміналі назвы гарадоў, песні, у якіх прысутнічаюць імёны людзей, успомнілі імёны людзей з такімі ж імёнамі, як і ў iх. Веды аб праве на імя дзецi замацавалі ў дыдактычных гульнях “Рэха” (дзеці прадстаўляліся так, як бы яны хацелі, каб іх называлі), “Ланцужок імёнаў”, “Назаві мяне ласкава”, “Назаві мяне поўным імем”.
У ходзе заняткаў дашкольнiкi пазнаёміліся з першым дакументам, які атрымлівае дзіця пасля нараджэння, пасведчаннем аб нараджэнні, а таксама вырабілі сабе цацачны пашпарт, на першай старонцы якога была далонька, на другой – намаляваны партрэт, на трэцяй дзецi наклеілі малюнкі – сімвалы правоў дзіцяці.
Асновай для арганізацыі пазнавальных і этычных гутарак з’явіліся літаратурныя творы: прыгоды Маленькага Чалавека з кнігі “Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека ў пераказе для дзяцей і дарослых” А.Усачова, цыкл аб дзяўчынцы з iмем Свецік (“Як Свецік атрымала сваё прозвішча і імя”, “Як Свецік расла” з кнігі “Правы дзяцей у казках, малюнках і пытаннях” А.Лапацінай і М.Скрабцовай), аповесць-казка “Дабрадзей для ўсіх дзяцей” У.Ліпскага.
Гутаркі па прачытанах кнігах знаходзяць эмацыянальны водгук у душы дзіцяці, развіваюць уменне аналізаваць, адзначаць парушэнні ў правах на прыкладзе літаратурных твораў. А наглядны матэрыял палягчае ўспрыманне падзей, з’яў ці нормаў, якіх не было ў асабістым вопыце дзяцей.
Дзякуючы прававой асвеце, дзіця не толькі засвойвае свае правы і абавязкі, але і разумее правы і абавязкі іншых людзей. Гэта дапамагае дзецям вучыцца ўзаемадзейнічаць у грамадстве як з аднагодкамі, так і з дарослымі людзьмі, быць талерантнымі, умець вырашаць узнікаючыя ў паўсядзённым жыцці канфлікты прававымі спосабамі.
Данута ЛОБАЧ,
выхавальнік інтэграванай групы
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы