“Шэсць капелюшоў мыслення” Эдварда дэ Бона

- 22:48Иностранный язык. Идеи, Методичка

 

Тамара МАНДАРОЎСКАЯ,
настаўнік англійскай мовы
сярэдняй школы № 2 Клічава імя Ф.І.Кавалёва

 

У цяперашні час галоўная мэта адукацыі – навучыць дзяцей вучыцца. У адпаведнасці з унясеннем істотных змяненняў у парадак арганізацыі вывучэння замежнай мовы ва ўсіх тыпах агульнаадукацыйных устаноў краіны асаблівае значэнне набывае фарміраванне полікультурнай шматмоўнай асобы навучэнца шляхам авалодання ім камунікатыўных кампетэнцый. Усё большы паток інфармацыі патрабуе ўкаранення такіх метадаў навучання, якія дазваляюць за досыць кароткі тэрмін перадаваць даволі вялікі аб’ём ведаў, забяспечыць высокі ўзровень авалодання вучнямі вывучаемым матэрыялам і замацавання яго на практыцы.

Толькі вывучаючы пэўную праблему, шукаючы ўласнае выйсце з сітуацыі, вучань сапраўды думае. Факусіроўка на праблемах стымулюе прыродную дапытлівасць вучняў і заахвочвае іх да крытычнага мыслення. Метад “Шасці капелюшоў” – гэта адзін з самых дзейсных прыёмаў, прапанаваны Эдвардам дэ Бона ў галіне творчага мыслення. У сваёй кнізе “Шэсць капелюшоў мыслення” / “SixThinkingHats” дэ Бона апісвае прыёмы, якія дапамагаюць структураваць як калектыўную, так і асабістую разумовую дзейнасць, зрабіць яе больш плённай і зразумелай.

Метад “Шасці капелюшоў мыслення” дазваляе развіць крэатыўнасць, выдатна дапамагае пераадолець творчы крызіс, правільна прыняць рашэнне і больш дакладна суадносіць свой лад думак з пастаўленымі мэтамі і задачамі. Асабліва добра ён праходзіць для ацэнкі незвычайных і інавацыйных ідэй, калі важна ўлічыць любое меркаванне і разгледзець сітуацыю пад рознымі плоскасцямі.

Метад “Шасці капелюшоў мыслення” – зручны інструмент, каб навучыць:

  • працаваць з інфармацыяй;
  • знаходзіць выгады і магчымасці;
  • выкарыстоўваць інтуіцыю;
  • крытычна аналізаваць праблемы;
  • генераваць творчыя ідэі;
  • арганізоўваць свае думкі.

У аснове метада ляжыць ідэя паралельнага мыслення. Традыцыйнае мысленне заснавана на палеміцы, дыскусіі і сутыкненні меркаванняў. Аднак пры такім падыходзе часта выйграе не лепшае рашэнне, а тое, якое больш паспяхова прасоўвалася ў дыскусіі. Паралельнае мысленне – гэта мысленне канструктыўнае, пры якім розныя пункты гледжання і падыходы не сутыкаюцца, а суіснуюць.

Эдвард дэ Бона лічыць, што галоўны вораг мыслення – гэта складанасць, таму што яна вядзе да неразумення і блытаніны. Калі мы маем справу з практычным мысленнем, узнікаюць тры фундаментальныя цяжкасці:

   – эмоцыі. Часта мы схільныя не думаць наогул, а абапірацца ў нашых дзеяннях на нюх, эмоцыі і забабоны.

   – бездапаможнасць. Нашай рэакцыяй можа быць пачуццё неадэкватнасці: “Я не ведаю, як пра гэта думаць. Я не ведаю, што рабіць далей”.

   – блытаніна. Мы спрабуем утрымаць у сваім розуме ўсё адразу, і ў выніку атрымліваецца мешаніна.

Шэсць капелюшоў – гэта просты і практычны спосаб пераадолець падобныя цяжкасці з дапамогай падзелу працэсу мыслення на шэсць розных рэжымаў, кожны з якіх прадстаўлены капелюшом свайго колеру. Гэты метад дапамагае рэалізаваць асобасна-арыентаваны падыход у навучанні, вучыць людзей больш эфектыўна кіраваць сваім мысленнем.

Ён дазваляе дастаткова прадумана арганізаваць навучальны працэс, у які на ўроку ўключаны ўсе ўдзельнікі.

“Шэсць капелюшоў мыслення” – крэатыўная методыка выкладання замежных моў, якая спрыяе павышэнню матывацыі вучняў пры вывучэнні замежнай мовы.

Метад можна выкарыстоўваць пры правядзенні любой дыскусіі як зручны спосаб кіраваць мысленнем і перамыкаць яго, а таксама, як адзін з інструментаў развіцця творчага і крэатыўнага мыслення.

Метад дазваляе падзяліць мысленне на шэсць тыпаў, кожнаму з якіх адпавядае каляровы “капялюш”. Кожны колер – гэта метафара, якая пазначае этап дыскусіі для пэўных складнікаў навучальнага працэсу, пэўны алгарытм моўных зносін. Белы капялюш – факты, праўдзівыя альбо ілжывыя. Жоўты капялюш – пазітыўнае вырашэнне праблемы. Чорны капялюш вызначае недахопы, крытычную ацэнку. Чырвоны капялюш – гэта пачуцці, эмоцыі. Зялёны капялюш – крэатыўнасць, творчасць, новыя рашэнні. Сіні капялюш – кіраванне працэсам, падвядзенне вынікаў, абагульненне дасягнутага. «Апранаючы» кожны з капелюшоў, чалавек можа па-рознаму зірнуць на адну і тую ж сітуацыю, прыдумаць і выказаць сваё нестандартнае рашэнне.

Выкарыстанне такога метаду закладвае асновы і развівае навыкі вуснай прамовы, фарміруе такія якасці асобы, як ўяўленне, здольнасць да прыняцця нестандартных рашэнняў, праблемнае бачанне, гнуткасць розуму, інфармацыйная і камунікатыўная культура.

Для навучэнцаў выкарыстанне капелюшоў розных колераў – гэта гульня, якая дазваляе ўключыцца ў маўленчую дзейнасць на замежнай мове, зняць моўныя і псіхалагічныя цяжкасці. Настаўнік ставіць перад вучнямі пэўную задачу (паведаміць факты, апісаць падзеі або падаць інфармацыю з пазітыўнага пункту гледжання, не пагадзіцца, прапанаваць новыя ідэі, абагульніць дасягнутае і г.д.). Настаўнік мае права мяняць паслядоўнасць капелюшоў, у залежнасці ад мэты, якую ён збіраецца дасягнуць на ўроку. Кожны навучэнец выпрацоўвае сваё меркаванне ў кантэксце вучэбнай праграмы. Важна навучыць дзяцей фарміраваць уласнае стаўленне да фактаў, з’яў, навучыць іх слухаць меркаванні іншых, знаходзіць сумесныя шляхі вырашэння праблем. Гэты метад спрыяе развіццю камунікатыўнай культуры, выхоўвае павагу да асобы, талерантнасць, фарміруе навыкі групавой і калектыўнай дзейнасці.

“Шасці капелюшоў мыслення” – універсальны метад: яго можна ўжываць як на ўроках замежнай мовы, так і на ўроках па іншых вучэбных прадметах, пры правядзенні майстар-класаў і абмеркаванні любых тым, як у дзіцячым садзе, так і на савеце дырэктараў. Эдвард дэ Бона казаў: “Надзеньце жоўты капялюш і паспрабуйце гэты метад на сабе”.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий