У жыцці кожнага чалавека сям’я займае асаблівае месца. Яна – самае дарагое і каштоўнае. Нарадзіўшыся, маленькі чалавек акунаецца ў цеплыню клапатлівых маці і бацькі, а стаўшы дарослым, зберагае ў памяці ўспаміны пра пачатак пачатку – бацькоўскі дом.
Але, на жаль, здараецца, што дзіця застаецца без апекі бацькоў. Тады на дапамогу могуць прыйсці чужыя людзі. Зусім чужыя, але з вялікай душою і добрым сэрцам. Так здарылася і з двума маленькімі хлопчыкамі і дзвюма дзяўчынкамі, якія ў адзін момант сталі непатрэбнымі сваім бацькам. Але ім пашанцавала. Яны знайшлі цяпло і дабрыню ў прыёмнай сям’і Таццяны Іосіфаўны і Віктара Вітальевіча Шэдзь, якія выхавалі чацвярых сваіх дзяцей, маюць восем унукаў. А з 2009 года сталі прыёмнай сям’ёй. Таццяна Іосіфаўна па прафесіі кухар, працавала па гэтай спецыяльнасці ў мясцовай гаспадарцы. Віктар Вітальевіч і зараз працуе механізатарам.
Таццяна Іосіфаўна расказвае, што рашэнне прыняць у сям’ю дзяцей прыйшло неяк само сабой, цяпер і ўспомніць цяжка. Захацелася падараваць дзеткам пяшчоту, любоў, цеплыню. Гэтая жанчына – вельмі шчыры чалавек. Як выхоўвала сваіх дзяцей, так выхоўвае і прыёмных. Яна не ставіцца да іх неяк па-іншаму, не называе іх чужымі. Яны для яе такія ж родныя, як і свае.
У гэтай сям’і за шмат гадоў склалася пэўная сістэма выхавання. Прыёмныя бацькі сваім прыкладам вучаць дзяцей дабрыні, уменню сябраваць, ставіццца добразычліва адно да аднаго, паважаць дарослых. Згодна ўзросту дзеці маюць свае абавязкі па дому, прывучаюцца да пасільнай працы. Вольны час дзяцей таксама заўсёды арганізаваны: ад чытання дзіцячай літаратуры, прагляду цікавых дзіцячых тэлеперадач да гульняў і забаў на свежым паветры.
Сям’я Шэдзь ніколі не пашкадавала, што ўзяла на сябе такую адказнасць – стаць прыёмнай. Наадварот, усе рады, што могуць дапамагчы дзецям справіцца са складанасцямі ў жыцці. Іх старанні не прайшлі і не праходзяць дарам. Пяцёра былых выхаванцаў ужо сталі дарослымі, хто яшчэ вучыцца, а хто працуе – кожны знайшоў сваю дарогу ў жыцці. Прыёмных бацькоў яны не забываюць, тэлефануюць, віншуюць са святамі, прыязджаюць да іх у госці і, наогул, лічаць іх сваімі роднымі. Але галоўнае – па-раннейшаму называюць іх матуляй і татам.
Ірына НАГОРНАЯ,
педагог сацыяльны Уселюбскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна