- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Клопат пра пакаёвыя расліны

 

 

Дашкольны ўзрост з’яўляецца базай для фарміравання асноў светаўспрымання і дае шырокія магчымасці для экалагічнага выхавання. Азнаямленне дзяцей з прыродай у дзіцячым садзе патрабуе пастаянных непасрэдных зносін з ёю, а пачынацца ўсё можа са стварэння ў групавым пакоі кутка прыроды.

У рознаўзроставай групе Вераб’евіцкага дзіцячага сада – базавай школы Навагрудскага раёна таксама ёсць куток прыроды. Выхаванцы вучацца пазнаваць расліны, запамінаць іх назвы, а таксама атрымліваюць першыя батанічныя веды. Дзеці заахвочваюцца да догляду за пакаёвымі раслінамі: паліваюць вадой, прыгатаванай дарослым, выціраюць лісце. А яшчэ разам з выхавальнікам праводзяць свае назіранні.

У кутку прыроды дзіцячага сада растуць розныя пакаёвыя расліны, якія маюць выразныя часткі і прыгожа і доўга цвітуць.

Старэйшыя дзеці авалодваюць больш складанымі прыёмамі параўнання раслін. Выхаванцы знаёмяцца з умовамі, неабходнымі для іх жыцця. Колькасць раслін, якія яны запамінаюць і распазнаюць павялічваецца. Старэйшыя дашкольнікі абліваюць з лейкі ці апырскваюць з пульверызатара расліны з дробнымі лістамі, выціраюць мокрым пэндзлікам расліны з апушаным лісцем.

Для таго каб дзеці разумелі неабходнасць клопату пра расліны, выкарыстоўваюцца дыдактычныя гульні ”Мы – памочнікі раслін”, “Клапоцімся пра расліны”, “Хуткая дапамога”. Так паступова ў дзяцей развіваецца і падтрымліваецца жаданне клапаціцца пра пакаёвыя расліны, фарміруюцца навыкі догляду.

Галіна ФЕДАРОВІЧ,
выхавальнік Вераб’евіцкага дзіцячага сада – базавай школы Навагрудскага раёна

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ