Лета – час гульняў, забаў, вясёлага адпачынку і цікавых адкрыццяў. Гэта перыяд свабодных зносін дзяцей. На базе сярэдняй школы № 4 Клімавіч пачаў сваю работу прышкольны аздараўленчы лагер “Сонейка”. Тут 20 хлопчыкаў і дзяўчынак 7–13 гадоў з карысцю для свайго здароўя праводзяць летнія канікулы.
Праграма знаходжання дзяцей у лагеры насычана спартыўна-пазнавальнымі і развіццёвымі мерапрыемствамі і гульнямі, якія спрыяюць актыўнаму адпачынку выхаванцаў, а галоўнае – фарміруюць творчыя здольнасці дзяцей.
8 чэрвеня адбылося адкрыццё лагернай змены ў выглядзе гульнявой праграмы “І зноў добры дзень!”, дзе дзеці змаглі пазнаёміцца падчас гульняў “Я, ты, ён, яна – разам дружная сям’я”, “Нашы дзяўчынкі і нашы хлопчыкі”, “Я таксама” і многіх іншых, прадэманстраваць свае таленты. Дырэктар лагера Людміла Фёдараўна Круцікава пазнаёміла дзяцей з законамі жыцця лагера, нагадала пра правілы паводзін, якія неабходна выконваць, каб час знаходжання ў лагеры быў не толькі цікавым, але і бяспечным, звярнула ўвагу дзяцей на выкананне правіл асабістай гігіены і санітарна-супрацьэпідэміялагічных рэкамендацый.
Кожны дзень дзеці атрымліваюць паўнавартаснае харчаванне, у іх рацыёне прысутнічаюць садавіна, духмяныя сокі, ёгурты, свежая гародніна.
Вядома ж, гатовага рэцэпту звонкага і гарэзлівага лета не існуе. Але педагогі нашай школы перакананыя, што паразуменне і добры настрой – залог поспеху ў вырашэнні гэтай задачы. Дарослыя імкнуцца, каб дзецям было весела і каб кожны дзень быў для іх незабыўны.
Выхаванцаў лагера “Сонейка” чакае яшчэ мора станоўчых эмоцый, яркіх уражанняў і незабыўных адчуванняў. Займальных вам канікул, дзеці!
Марына НОВІКАВА,
настаўнік пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Клімавіч