10 чэрвеня адзінаццацікласнікі сярэдняй школы № 7 Смаргоні развіталіся са сваімі настаўнікамі. У гэтым навучальным годзе выпускны вечар прайшоў не ў актавай зале, як звычайна, а на вуліцы, выпускнікі не сядзелі за святочным сталом і не сустракалі світанак. Але, нягледзячы на гэта, свята захавала сваю ўрачыстасць і рамантычнасць.
Па традыцыі разам з дырэктарам школы Аляксандрам Джумковым нашы шасцёра залатых медалістаў Ева Шавярэнка, Паліна Гардзіенка, Лізавета Лабкова, Вікторыя Мамчыц, Дзмітрый Варапаеў і Мікіта Галдыцкі пачалі свята, разрэзаўшы чырвоную стужачку. Пасля ўручэння атэстатаў выпускнікі выказалі словы падзякі дырэктару, яго намеснікам Марыі Сташко, Наталлі Сазонавай, Святлане Гурыновіч, Таццяне Шыдлоўскай, Таццяне Шчаснай, першым настаўнікам Таццяне Кароль, Вользе Пачук, Вользе Кохан, настаўнікам-прадметнікам і падарылі ім кветкі.
Не абышлося на свяце без слёз. Асабліва кранальным стаў вальс у выкананні выпускнікоў, развітанне з класным кіраўніком Таццянай Бандарэнка, якая сем гадоў вяла іх па школьным жыцці, а таксама словы падзякі і любові бацькам за іх цярпенне, разуменне і падтрымку. Ад імя бацькоў з пажаданнямі на дарогу ў дарослае жыццё да дзяцей звярнулася Марына Нікалайчык. Відэаролік з удзелам мам і тат стаў для выпускнікоў прыемным сюрпрызам.
На развітанне адзінаццацікласнікі пакінулі на памяць пра сябе фота і далі цвёрдае абяцанне знайсці сваю жыццёвую дарогу, стаць паспяховымі і не забываць родную школу. Ну што ж, абяцанне прынята… У добры шлях, выпускнікі!
Марыя ГОВІЧ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Смаргоні