Кожны з нас пакідае свой след на малой радзіме. І выпускнікі 2020 года Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна не выключэнне. Падчас урачыстага мерапрыемства, прысвечанага заканчэнню 2019/2020 навучальнага года, 14 юнакоў і дзяўчат заклалі алею выпускнікоў школы высадкай 14 дрэў. Гэта вельмі сімвалічна ў год малой радзімы.
Педагогам і работнікам школы яны запомняцца яшчэ і сваімі дасягненнямі, бо сярод іх – 10 выдатнікаў, з якіх 5 чалавек – шчаслівыя ўладальнікі залатога медаля. Школа ганарыцца сваімі выпускнікамі, бо менавіта гэтыя навучэнцы пакарылі міжнародную алімпіяду «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць», абласную алімпіяду па беларускай мове і па рускай мове, сярод іх – лаўрэаты прэміі Крамко і Дубко і нават дэпутат Маладзёжнага парламента пры абласным Савеце дэпутатаў.
Юлія КЕЛЬНІК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна