Пасля правядзення ў 2019 годзе капітальнага рамонту будынка калектыў Вялікабераставіцкага ясляў-сада накіраваў сваю працу на добраўпарадкаванне тэрыторыі. У мінулым годзе былі закладзены клумбы і высаджана кустоўе, а ў бягучым – работнікі вырашылі ажыццявіць праект “Экалагічная сцяжынка”.
Такая форма не толькі прываблівае дарослых і дзяцей, але і эфектыўна спрыяе рабоце па экалагічным выхаванні. На тэрыторыі ўстановы дашкольнай адукацыі створаны 14 тэматычных станцый, кожная з якіх мае сваё прызначэнне. Найбольшую цікавасць у выхаванцаў выклікае “Метэапляцоўка”, абсталяванне якой дазваляе арганізаваць розныя формы работы. Тут дзеці знаёмяцца з сонечным гадзіннікам, набываюць першасныя веды пра бакі свету, назіраюць за тэмпературай паветра на сонцы і ў цені, спрабуюць прадказаць надвор’е па стане раслін-барометраў. Простыя прылады дапамагаюць выхавальнікам вызначыць напрамак і сілу ветру, колькасць ападкаў. Вынікі сваіх назіранняў дзеці фіксуюць у календарах надвор’я, знаёмяць з імі выхаванцаў іншых груп і сваіх бацькоў.
Прываблівае дашкольнікаў і “Цуда-агарод”, і “Палянка Айбаліта”. З вялікай цікавасцю выхаванцы назіраюць за тым, як апушчанае ў зямлю зерне ўсходзіць, становіцца вялікай раслінай. З нецярпеннем чакаюць першых пладоў – агуркоў, таматаў, фасолі, гароху.
А колькі розных даследаванняў можна праводзіць з лекавымі раслінамі на аптэкарскай градзе! Выхаванцы вывучаюць іх назвы, параўноўваюць знешні выгляд, адрозніваюць пахі, трымаючы ў руках лісточкі. З цікавасцю даведваюцца пра лекавыя ўласцівасці раслін.
Кожная з тэматычных пляцовак прызначана для правядзення назіранняў, экскурсій, заняткаў і мае вялікае пазнавальнае і выхаваўчае значэнне.
Аформлены пашпарт экалагічнай сцяжынкі, створана карта-схема праходжання маршрута. Калектыў дзіцячага сада ўпэўнены, што з цягам часу створаныя пляцоўкі пашырацца, а таксама з’явяцца новыя.
Вольга БЯЛЕНЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Вялікабераставіцкага ясляў-сада Бераставіцкана раёна