Ніколі яшчэ матэматыка не была настолькі ўсёабдымнай і такой патрэбнай навукай, як сёння. Пра тое, якой будзе матэматыка заўтра, цяжка казаць. Яна развіваецца так імкліва, што гадаць, што будзе, проста немагчыма. Ёсць у нашай школе такі вучань, за будучыню якога можна быць упэўненым: яго шлях – матэматыка.
Максім Кучко на працягу некалькіх гадоў з’яўляецца пераможцам матэматычных алімпіяд розных узроўняў. І літаральна некалькі дзён назад дадаў у скарбонку сваіх дасягненняў яшчэ адну перамогу.
Міжнародная матэматычная гульня-конкурс «Кенгуру – 2020», які з’яўляецца самым масавым інтэлектуальным конкурсам у свеце, (больш за 6 млн удзельнікаў з многіх краін свету), абвясціў вынікі гэтага года. Максім Кучко набраў 143,75 бала з магчымых 145 і заняў 1 месца і ў школе, і ў раёне, і ў Гродзенскай вобласці.
З 9744 удзельнікаў VIII класаў краіны Максім на 9 месцы. Мы ганарымся такімі вынікамі!
Віншуем Максіма і яго настаўніка матэматыкі Кацярыну Фёдараўну Катайкіну і жадаем далейшых поспехаў!
Алена СКРАБІНА,
настаўнік сярэдняй школы № 5 Смаргоні, класны кіраўнік Максіма