У чэрвені ў Лобжанскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Клімавіцкага раёна расчыніў свае дзверы прышкольны аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Усмешка”. У гэтым годзе вырашылі з карысцю і выдатна правесці час дванаццаць хлапчукоў і дзяўчынак. Работнікі лагера падрыхтавалі для дзяцей цэлую серыю займальных, цікавых і вясёлых конкурсаў, мерапрыемстваў і гульняў.
Спецыяльна для выхаванцаў лагера быў распрацаваны лагерны праект “Азбука малой радзімы, або Як нам дапамагаў доктар Пілюлькін”. Таксама для дзяцей былі распрацаваны шэсць акадэмій “Мой родны кут, як ты мне мiлы”: “Старонкі гісторыі: з чаго ўсё пачыналася”, “Тапаніміка нашага аграгарадка і раёна”, “Родная зямля дорыць таленты” і г.д. Хлапчукі і дзяўчынкі пазнаюць новыя і цікавыя факты пра родную зямлю. За лагерную змену дзеці складуць алфавітнае інтэрв’ю пра сваю малую радзіму.
Усе дні ў нашым лагеры з’яўляюцца тэматычнымі – гэта “Свята лета”, «Фестываль дружбы”, “Дзень экалогіі”, “Дзень маёй вёсачкі” і г.д.
Займальна і цікава прайшоў фотаконкурс “Сэлфі ў роднай вёсцы”, гульня-конкурс “Як ты сэрцу майму мілая, дарагая Беларусь”, экалагічны суботнік “Смеццю – бой!”, свята каляровых крэйд “Няхай заўсёды будзе сонца!” і іншыя. Актыўны ўдзел выхаванцы прынялі ў акцыі “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі”. Таксама дзеці прынялі эстафету ад ратавальнікаў Магілёва і далучыся да новага чэленджа “30 дзён бяспекі”.
На працягу цэлага дня з дзецьмі працуюць кваліфікаваныя педагогі школы. Спартыўную гадзіну для адпачывальнікаў праводзіць Васіль Васільевіч Зылеў.
Мы спадзяёмся, што час, які дзеці правядуць у нашым лагеры, пойдзе ім на карысць, а таксама ўмацуе іх здароўе. Яшчэ наперадзе ў хлапчукоў і дзяўчынак шмат цікавых конкурсаў і мерапрыемстваў.
Жанна НОВІКАВА,
дырэктар прышкольнага лагера з дзённым знаходжаннем “Усмешка” Лобжанскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Клімавіцкага раёна