Маё крэда – педагагічнае суправаджэнне вучня да поспеху. За многія гады працы з адоранымі дзецьмі я прыйшоў да высновы, што паспяховасць навучэнцаў напрамую звязана з гатоўнасцю настаўніка не эканоміць рэсурсы сваёй душы і свайго часу.
На мой погляд, удзел настаўніка ў лёсе адоранага дзіцяці – няпростая і далёка не вычарпальная высокім узроўнем прафесіяналізму місія, а сур’ёзнае выпрабаванне, якое патрабуе самааддачы. За дваццаць сем педагагічных гадоў я прайшоў шмат крокаў да поспеху разам са сваімі вучнямі. Я ведаю, што поспех ёсць шлях да талентаў, але існуе яшчэ адзін бок поспеху – гэта грамадскае прызнанне, калі чалавек адчувае сябе асобай, якая адбылася. Сёння я хачу расказаць пра аднаго свайго выпускніка – Яўгена Шаўчука, які дасягнуў найбольшых поспехаў.
У гэтым вучні я адразу заўважыў нестандартнасць мыслення, магчымасць знаходзіць арыгінальныя шляхі вырашэння складаных фізічных задач. Найважнейшай формай працы з адоранымі навучэнцамі ў маёй практыцы з’яўляюцца алімпіяды і навукова-практычныя канферэнцыі. З Яўгенам працаваць было лёгка. Камунікабельны, мэтанакіраваны, ён імкнуўся да ведаў, валодаў выдатнай памяццю і шырокім кругаглядам. Жэня дасягнуў высокіх вынікаў на алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях па вучэбным прадмеце “Фізіка”. Неаднаразова быў пераможцам раённых навукова-практычных канферэнцый. Таксама быў пераможцам абласнога конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў “Крыштальная Альфа”. Каманда навучэнцаў гімназіі, капітанам якой з’яўляўся Яўген, двойчы была пераможцай абласнога турніру юных фізікаў. Яўген – стыпендыят абласной прэміі імя Аляксандра Іосіфавіча Дубко, двойчы стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, таленавітай моладзі.
У 2013 годзе, скончыўшы гімназію з залатым медалём, Яўген паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на факультэт камп’ютарных сістэм і сетак. Спецыяльнасць – праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій. Ужо з другога курса Жэня працаваў і вучыўся. На выхадзе з універсітэта ў яго былі і веды, і добры вопыт, і высокая зарплата, і многа прапаноў з розных кампаній.
У 2018–2019 гадах Яўген акрамя працы па спецыяльнасці выкладаў у БДУІРы, быў асістэнтам кафедры ПЗІТ (ПОИТ). Працаваў інжынерам-праграмістам, вядучым распрацоўшчыкам. У цяперашні час Яўген Шаўчук – індывідуальны прадпрымальнік. Шчасліва жанаты. Дарэчы, са сваёй будучай жонкай Ганнай Жэня пазнаёміўся яшчэ ў школьныя гады. Разам перамагалі на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах, разам вучыліся ў адным універсітэце. Граматныя, мэтанакіраваныя людзі, паспяховыя ва ўсім!
Я спакойны: мае выпускнікі знайшлі сябе. Жыццё працягваецца. Я зноў шукаю адораных, узіраючыся на ўроку ў вочы цяперашніх вучняў, і зноў думка прыспешвае мяне да дзеяння, бо “поспех – гэта паспець”. Ды і хіба магу я разважаць: мая справа – дзейнічаць, таму што я настаўнік і мой абавязак –дапамагаць кожнаму таленавітаму дзіцяці дамагацца поспехаў.
Аляксандр ГАЛАВЕНКА,
настаўнік фізікі гімназіі № 1 Мастоў