Свет дзяцінства, свет прыроды, свет гульняў і дзіўных прыгод – ва ўсё гэта імкнуцца ўцягнуць маленькіх дашкалят педагогі Іўеўскага ясляў-сада – пачатковай школы.
Падрыхтоўка да актыўнага адпачынку і эфектыўнага аздараўлення пачалася ўжо са з’яўленнем першых вясновых праменьчыкаў. Дружная каманда думала і праектавала нешта новае, нешта дзіўнае. Так і з’явілася на тэрыторыі ўстановы цуда-сцяжынка, а гаспадыняй гэтага незвычайнага падарожжа ў прыроду стала Мудрая сава.
Пазнавальныя экскурсіі, прагулкі, назіранні, даследаванні праходзяць па станцыях ”Кветкавая паляна”, “Зялёная аптэка”, “Акадэмія казявак”, “Сцежка здароўя”, “Птушыная сталовая”, “Сажалка”, “Метэастанцыя”, “Чырвоная кніга”, “Лясныя таямніцы”, “Вясёлыя градкі”.
Чаго і каго толькі тут няма: яркія і духмяныя кветкі, лекавыя расліны, сапраўдны мурашнік і мурашы, стракозы і камары, павукі і конікі, слімак, божая кароўка, усіх не пералічыць… Каля сажалкі сядзіць рыбак, яму весела спявае шпак, чутны ціхі шум лесу – гэта гучыць музыка. А які ж лес без яго жыхароў, тут скачуць зайчаняткі, ходзяць вожыкі, пад кустом прылягло алянятка.
Падарожнічаючы ад адной станцыі да другой, дзеці выконваюць розныя заданні. На завяршэнні падарожжа Мудрая сава дзякуе хлопчыкам і дзяўчынкам і дорыць ім медалі “Юны эколаг”. Здаецца, што малыя могуць бясконца атрымліваць асалоду ад такіх зносін.
Мы ж бачым, што задача дарослых – навучыць маленькага грамадзяніна правілам беражлівых адносін да аб’ектаў прыроды, выхаваць адказнасць за стан прыроды і за яе захаванасць.
Ганна ПАПРОЦКАЯ,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Іўеўскага ясляў-сада – пачатковай школы