Летам павялічваецца час знаходжання дзяцей на вуліцы, а ў прыродзе адбываецца шмат змен. Прадстаўленні аб стане надвор’я дзеці атрымліваюць непасрэдна ў працэсе гульнявой дзейнасці.
Для паглыблення ўражанняў я час ад часу (1–2 разы ў нядзелю) звяртаю ўвагу на яркія з’явы ў свеце прыроды, характэрныя для лета. Так, напрыклад, дзеці вызначаюць колер неба ў ясны сонечны дзень,разглядваюць цёмныя хмары,якія зацягваюць неба ў час навальніцы, радуюцца вясёлцы пасля дажджу.Паказваю,як у час дажджу ў лужынах плаваюць бурбалкі.Дзеці любяць слухаць шум дажджу, як ён весела стукае па даху веранды.Тлумачу дзецям,што калі ідзе дождж, не патрэбна паліваць агарод,клумбы, а значыць,дождж неабходны.
Летнімі днямі выхаванцы часцей гуляюць з вадою і пяском на пляцоўцы.Для гульняў з пяском дзеці выкарыстоўваюць формачкі,фігуркі жывёл,кару дрэў.Кіруючы іх гульнямі,паглыбляю прадстаўленні пра якасці вады,пяску.У час гульняў з вадою вучу дзяцей вызначаць,якія прадметы тонуць у вадзе,якія плаваюць.Прапаную падумаць чаму.
У час прагулак заўсёды звяртаю ўвагу дзяцей на прыгажосць роднай прыроды, расказваю пра правільныя адносіныда яе. Упэўнена, калі зараз, у дашкольным узросце, навучыць малых зносінам з прыродай, растлумачыць, наколькі важна для жыцця ўсяго жывога тое, што адбываецца ў ёй, можна сфарміраваць у будучага пакалення беражлівасць да навакольнага асяроддзя.
Галіна ФЕДАРОВІЧ,
выхавальнік Вераб’евіцкага дзіцячага сада – базавай школы Навагрудскага раёна