На працягу чэрвеня ў гімназіі Ганцавіч дзейнічаў летні аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Сонечная рэспубліка” для вучняў пачатковых класаў.
Дзеці актыўна ўдзельнічалі ў спартыўна-пазнавальных, развіццёвых і гульнявых мерапрыемствах у рамках тэматычных дзён. Асаблівая ўвага ўдзялялася развіццю творчых здольнасцей гімназістаў.
Гатовага рэцэпту захапляльнага лета няма, але педагогі ўпэўнены, што ўзаемаразуменне і добры настрой – яго галоўныя ўмовы. Дарослыя пастараліся, каб дзецям было цікава і весела, а кожны дзень стаў незабыўным.
Раніца пачыналася з вясёлай музычнай зарадкі. На хвілінках здароўя хлопчыкі і дзяўчынкі даведваліся, што такое сонечны апёк, як аказаць першую дапамогу пры ім і інш.
Дзень спорту захапіў усіх гульнёй “Па здароўе – на спортпляцоўку”. Дзеці бегалі, скакалі, гулялі і здзіўляліся, якія яны дужыя, смелыя, спрытныя і хуткія. Пераможцы атрымалі прызы.
Шмат цікавага вучні даведаліся на кіналекторыі “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына” і падчас інтэлектуальнай гульні “Падарожжа ў краіну дарожных знакаў”. Дзеці ўспаміналі правілы дарожнага руху, гулялі ў рухавыя і музычныя гульні.
Спадзяемся, што адпачынак у “Сонечнай рэспубліцы” запомніцца нашым выхаванцам не толькі вясёлымі гульнямі, але і новымі ўражаннямі і, безумоўна, добрымі сябрамі.
Настасся ЗАНЬКО,
педагог-арганізатар гімназіі Ганцавіч