У студзені 1948 года, падчас 42-й сесіі, Міжнародны алімпійскі камітэт прыняў рашэнне штогод святкаваць Міжнародны Алімпійскі дзень 23 чэрвеня. Наша ўстанова на працягу апошніх пяці гадоў актыўна вядзе работу па алімпійскай адукацыі выхаванцаў.
Праз фізкультурныя святы “Алімпійцы сярод нас”, “Шлях да Алімпу”, “Спорт – мастацтва”, “Усёй сям’ёй на старт”, праз гутаркі мы фарміруем агульныя ўяўленні пра ідэі алімпійскага руху. Сабрана шмат дэманстрацыйнага матэрыялу па тэме. Гэта і альбом з сімволікай і талісманамі Алімпійскіх гульняў за апошнія 50 гадоў, альбом з партрэтамі беларускіх спартсменаў-прызёраў Алімпійскіх гульняў, альбомы з алімпійскімі відамі спорту і шмат іншага. У фізкультурнай зале аформлены алімпійскі куток, у якім змешчаны фотаздымкі спартсменаў, алімпійская атрыбутыка, плакаты з алімпійскімі відамі спорту.
Дзіцячы сад – гэта першая і пакуль яшчэ маленькая прыступка да Алімпу. Шмат нашых выпускнікоў ужо дастойна прадстаўляюць наш горад і вобласць у розных відах спорту. І хто ведае, можа праз некалькі гадоў хто-небудзь з іх будзе прадстаўляць нашу краіну на самых прэстыжных міжнародных спартыўных спаборніцтвах.
Л.І.БУЛАШ,
кіраўнік фізвыхавання ясляў-сада № 14 Смаргоні