26 чэрвеня, у Міжнародны дзень барацьбы з наркаманіяй і наркабізнесам, у Бераставіцкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі прайшла антынаркатычная акцыя “Новае пакаленне выбірае жыццё”.
Мэта акцыі – прафілактычная. Дзецям у гэты дзень было прапанавана ў рамках работы маладзёжнай пляцоўкі “На пазітыве” прыняць удзел у шэрагу пазнавальных і творчых спраў: спартыўна-гульнявой праграме “Будзь здаровы – жыві актыўна!”, калектыўна-творчай справе “Новае пакаленне выбірае жыццё”.
Прайшоўшы ўсе спартыўныя выпрабаванні, дзеці ўключыліся ў абмеркаванне простых пытанняў на няпростую тэму: праўда ці хлусня, што існуюць дрэнныя і добрыя наркотыкі, што наркотыкі павялічваюць сілу і спрыяюць творчасці, што некаторыя наркотыкі не выклікаюць прывыкання.
Усе ўдзельнікі акцыі прыйшлі да аднадушнай высновы: праблема наркаманіі – гэта глабальная праблема, і яна тычыцца кожнага чалавека на нашай планеце. І толькі ад кожнага чалавека асабіста залежыць, якім будзе яго будучыня і заўтрашні дзень. Каб адчуць смак жыцця ва ўсіх яго праявах, неабходна берагчы сваё здароўе і шанаваць шчодры і цудоўны дар – жыццё.
Таццяна ТАБЕРКА,
дырэктар Бераставіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі