Выхадны дзень 28 чэрвеня для ўдзельнікаў аб’яднання па інтарэсах “Пешаходны турызм” Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі выдаўся насычаным на пазітыўныя эмоцыі, вясёлы і радасны настрой. Дзеці здзейснілі паход па наваколлі Навагрудка.
Пешаходны паход быў арганізаваны ў рамках Года малой радзімы, а таксама Тыдня ўстойлівай энергетыкі, які праходзіў у Навагрудскім раёне з 24 па 30 чэрвеня. Удзельнікі наведалі ветраэнергетычную станцыю ў вёсцы Грабнікі, вышэйшую кропку Навагрудскага ўзвышша, азнаёміліся з трагічнымі старонкамі ваеннай гісторыі Навагрудчыны.
Маршрут пешаходнага падарожжа пачаўся ад Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Шлях ляжаў у паўночна-заходнім напрамку. Выхад з гораду апынуўся сімвалічным – прайшлі пад скляпеннямі аркі, нібы атрымалі “благаславенне” сярэднявечнага рыцара. За вёскай Грабнікі адкрылася цудоўная панарама – парк ветраных установак. На пагорыстай тэрыторыі размясцілася цэлая ветраэнергетычная станцыя. Удзельнікі налічылі 14 ветракоў. У далейшым адзінкавыя ветраўстаноўкі сустракаліся па працягу ўсяго маршруту паходу.
Хлопцам і дзяўчатам было цікава даведацца, што першая ветраэнергетычная ўстаноўка была пабудавана ў Навагрудскім раёне ў 2011 годзе, што ветракі самі пачынаюць круціцца пры хуткасці 3 м/с і выпрацоўваюць энергію пры максімальных парывах ветру 25 м/с, што генератар ВЭУ важыць 50 тон і знаходзіцца на вышыні 80 метраў. А 40- мятровыя лопасці ветракоў аўтаматычна мяняюць сваё размяшчэнне, улоўліваючы патокі ветру. Дзякуючы аднаўляльным крыніцам энергіі, да якіх адносіцца ветраэнергетычная станцыя, у Навагрудскім раёне ў цяперашні час колькасць выкідаў вуглякіслага газу скарацілася на 20 працэнтаў. Усяго ж на ВЭУ выпрацоўваецца чвэрць усёй электраэнергіі ў Навагрудскім раёне, задавальняючы патрэбы раёна на 50 працэнтаў. Тут жа дзеці ўбачылі трансфарматарную падстанцыю, а таксама паназіралі за сезоннай сельскагаспадарчай працай – сушкай сена ў полі. Следам за трактарам падарожнічала вялікая колькасць птушак-“памочнікаў” – буслоў.
Удзельнікі паходу наведалі вышэйшую кропку Навагрудскага ўзвышша – Пуцэвіцкую гару. З гэтых месцаў адкрываецца цудоўны від на сапраўдную Наваградскую Швейцарыю: лясістыя пагоркі чаргуюцца з палямі. Знайшлі адпаведнае месца для прывалу. Пасля паўгадзіннага адпачынку далейшы шлях прадоўжыўся ўздоўж аб’язной дарогі ў кірунку на вёску Папковічы.
Пазнанне малой радзімы працягнулася. Цяпер юныя турысты дакрануліся да трагічных старонак гісторыі роднай зямлі: наведалі месца расстрэлу 11 сёстраў-назарацянак у лясным масіве каля Папковіч. Тут 1 жніўня 1943 года сёстры ахвяравалі сваімі жыццямі за 120 чалавек, арыштаваных і асуджаных да расстрэлу. У 2000 годзе сёстры-назарацянкі прылічаны да ліку блажэнных. Усклаўшы букецік палявых кветак, вандроўнікі адправіліся да месца гібелі мірных жыхароў ва ўрочышчы каля вёскі Скрыдлёва. У гады Вялікай Айчыннай вайны фашысты расстралялі тут ні ў чым не вінаватых мірных жыхароў.
Аддаўшы даніну памяці загінулым землякам, працягнулі маршрут. Канчатковым яго пунктам стала возера Маладзёжнае, да якога група падышла па лясной дарозе. Чыстае паветра, змена ландшафту – усё гэта падбадзёрвала рабят.
Паход завершаны, у запасе – велізарны зарад станоўчых эмоцый і жаданне юных турыстаў паўтарыць падарожжа.
Ірына МАЦКО,
педагог дадатковай адукацыі Навагрудскага раённага ЦТДіМ, кіраўнік паходу