Па здароўе і каб з карысцю правесці летнія канікулы, 15 хлопчыкаў і дзяўчынак адправіліся ў лагер працы і адпачынку “К.Р.У.Т.О.” з дзённым знаходжаннем дзяцей на базе Гудзевіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна. Сёлета выхаванцы з ахвотай працуюць на палетках ЗАТ “Гудзевічы”. Такая форма актыўнага адпачынку садзейнічае развіццю і згуртаванню дзіцячага калектыву, рыхтуе навучэнцаў да актыўнай працоўнай дзейнасці.
У першы дзень лагернай змены дзеці сталі пасажырамі карабля, які ажыццяўляе плаванне па пэўным маршруце. У ходзе падарожжа карабель робіць прыпынкі на наступных станцыях: “Працоўная”, “Экалагічная”, “Гістарычная”, “Бяспечная”, “Бізнес-станцыя”, “Юны эрудыт”. На кожнай са станцый пасажыраў чакаюць адкрыцці, знаёмствы, выпрабаванні, праходзячы якія яны вучацца разумець адно аднаго, свае здольнасці і асаблівасці, аналізаваць дасягнутыя вынікі.
Вялікую цікавасць у дзяцей выклікалі такія мерапрыемствы, як марафон “Вясёлка прафесій”, анлайн-падарожжа “Фінансавая дасведчанасць”, квэст-гульня “Нязведаныя сцяжынкі”, аўкцыён ведаў “Гісторыя роднага краю”, конкурсная праграма “Лета і кніга”, віртуальнае падарожжа “Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”, сітуацыйна-прававы практыкум “Падлеткі і наркотыкі” і шмат іншых мерапрыемстваў.
У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны выхаванцы лагера прынялі ўдзел у аперацыі “Помнік расказвае” (у рамках акцыі “Малая радзіма: эстафета карысных спраў”).
Акрамя працоўнай дзейнасці і ўдзелу ў мерапрыемствах, дзеці прымаюць актыўны ўдзел у конкурсах. І ўжо ёсць добрыя вынікі: I месца ў раённым фотаконкурсе “Наш атрадны куток”.
Супрацоўнікі выхаваўча-аздараўленчай установы ўпэўнены, што лагер працы і адпачынку для дзяцей стаў карыснай, вясёлай і запамінальнай падзеяй у іх жыцці.
Наталля БЯЙДУК,
дырэктар лагера працы і адпачынку “К.Р.У.Т.О.” Гудзевіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна