Вучням Ізабелінскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна магчымасць выдатна адпачыць і аздаравіцца прапануе аздараўленчы лагер “Дружба”.
У нашай школе такі лагер існуе даўно, і традыцыйна першыя тыдні лета дзеці прыходзяць сюды. Ім неабходныя змена дзейнасці, змена ўражанняў. Наш летні лагер з’яўляецца, з аднаго боку, формай арганізацыі вольнага часу дзяцей рознага ўзросту і полу, з другога – прасторай для аздараўлення.
Зарадзіцца станоўчай энергіяй на цэлы дзень выхаванцам дапамагаюць штодзённыя зарадкі пад музыку. Пяціхвілінкі ў доктара Айбаліта вучаць дзяцей быць здаровымі душой і целам, а карыснае і смачнае харчаванне для адпачывальнікаў уваходзіць у лік асноўных прыярытэтаў нашага месца адпачынку. Рэгулярныя сустрэчы з медработнікам, спартыўныя спаборніцтвы і эстафеты, гадзіны зносін, забавы, віктарыны пра спорт, гутаркі і многае іншае спрыяюць фарміраванню навыкаў здаровага ладу жыцця.
Асабліва нашым выхаванцам падабаецца дух спаборніцтва. Таму вучні з радасцю і вялікім азартам прынялі ўдзел у спартыўным мерапрыемстве “У здаровым целе – здаровы дух”, прадставіўшы каманды “Галівуд” і “Гранд”.
Кожная каманда выклалася на ўсе сто, але мацнейшай стала каманда “Галівуд”. Пераможцы атрымалі грамату за I месца, другая каманда была ўзнагароджана дыпломам за ўдзел у спаборніцтве. Але ніхто не сумаваў, бо ў спорце, як у жыцці, усё цячэ і мяняецца. Адны чэмпіёны змяняюць іншых, новыя спаборніцтвы прыходзяць на змену папярэднім.
А самае галоўнае – дзеці прынялі для сябе, што спорт – гэта стартавая пляцоўка ў краіну здароўя, бадзёрасці і добрага настрою.
Маргарыта УЛАНОВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў Ізабелінскага дзіцячагасада – сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна
Фота аўтара