Дзецям з цяжкімі множнымі парушэннямі хочацца падтрымліваць зносіны з аднагодкамі не толькі падчас навучальнага года, але і на канікулах. У Смаргонскім ЦКРНіР арганізавана работа летняга аздараўленчага лагера “Сонейка”. Ужо шмат гадоў дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з задавальненнем праводзяць у ім лета. Актыўныя выхавальнікі, вопытныя спецыялісты арганізуюць вольны час і аздараўленне дзяцей.
Мэтай дзейнасці лагера з’яўляецца стварэнне ўмоў для актыўнага адпачынку і аздараўлення. Уся праца накіравана на прывіццё навыкаў здаровага ладу жыцця, фарміраванне рухальнай актыўнасці, раскрыццё і рэалізацыю творчых здольнасцей дзяцей, пашырэнне іх кола зносін.
Выхаваўчая праца ў нашым лагеры вядзецца па наступных кірунках: выхаванне культуры здаровага ладу жыцця; эстэтычнае выхаванне; выхаванне экалагічнай культуры; выхаванне культуры вольнага часу; працоўнае выхаванне. Штодзённыя яркія, цікавыя, вясёлыя мерапрыемствы не даюць дзецям сумаваць ні хвіліны. Спартыўныя гульні і святы праводзяцца на свежым паветры. Спецыялісты, якія працуюць у лагеры, старанна прадумваюць усе гульні і практыкаванні, адаптуюць іх для кожнага дзіцяці. Таму ўдзельнічаюць у іх усе дзеці без выключэння. Заняткі ў зале лячэбнай фізкультуры інструктар ператварае ў вясёлую гульню, а сеансы масажу – у вельмі прыемную працэдуру.
У гарачае надвор’е арганізуюцца гульні з вадой, якія не толькі загартоўваюць характар, але і дазваляюць навучыць дзяцей чамусьці новаму. Дзеці могуць удосталь паплюхацца ў цёплай вадзе, навучыцца “ратаваць” цацкі (даставаць з вады цацку па назве, па колеры, па форме і г.д.), пускаць рознакаляровыя папяровыя караблікі, пераліваць ваду з розных ёмістасцей. Гэта дастаўляе дзецям вялікае задавальненне.
Музыка і танцы займаюць асаблівае месца ў арганізацыі вольнага часу “асаблівых” дзяцей. Галоўнае, каб была добрая, вясёлая музыка. А потым выхавальнікі праводзяць рэлаксацыйныя практыкаванні. Гульні, пантамімы пад музыку дапамагаюць фарміраванню і карэкцыі эмацыянальнай сферы ў дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці.
Вельмі цікавыя дзецям і лялечныя спектаклі, якія арганізуюць дарослыя. У некаторых з іх яны ўдзельнічаюць. Прайграванне казак, невялікіх сцэн дае магчымасць убачыць унутраны свет дзіцяці. Ён шырэй раскрываецца пры ўзаемадзеянні з лялькай або казачным персанажам. Цікава, што часта ў гэтых зносінах лялька выступае ў ролі пасрэдніка і хутчэй выклікае маўленчыя рэакцыі нават у тых дзяцей, хто не гаворыць або дрэнна размаўляе.
У нашым лагеры шырока выкарыстоўваюцца арт-тэрапеўтычныя методыкі: нетрадыцыйныя метады малявання, аплікацыі, праца з нетрадыцыйнымі матэрыяламі (кінетычны/касмічны пясок, крупы, прыродныя матэрыялы). Вельмі збліжае дзяцей сумесная творчая дзейнасць. Заняткі педагога-псіхолага з выхаванцамі лагера маюць карэкцыйную накіраванасць. Дзеці з задавальненнем ствараюць свае маленькія “шэдэўры”, а потым удзельнічаюць у афармленні выстаў. Бацькі з радасцю даведваюцца шмат новага пра магчымасці і здольнасці сваіх дзяцей.
Вялікая ўвага надаецца педагогамі лагера фарміраванню экалагічнай культуры дзяцей. Тое, што шмат часу дзеці праводзяць на свежым паветры, спрыяе вывучэнню прыроды. Выхавальнікамі распрацаваны курс заняткаў “Кветачка-вясёлка”, у працэсе якога дзеці знаёмяцца з рознымі аб’ектамі жывой і нежывой прыроды, вучацца беражліва да іх ставіцца, знаёмяцца з правіламі паводзін на прыродзе, прывучаюцца да працы.
Велізарную радасць дзеці атрымліваюць ад зносін з гасцямі нашага лагера. Традыцыйнымі сталі сустрэчы з супрацоўнікамі МНС, з кінолагамі і іх выхаванцамі. Гэта сапраўдныя летнія прыгоды! Прымераць на сябе касцюм выратавальніка, пасядзець у сапраўднай пажарнай машыне – гэта цуд! А яшчэ пагуляць з разумным службовым сабакам, абняць яго, паспрабаваць сябе ў ролі дрэсіроўшчыка!
Дапамагаюць праводзіць сустрэчы валанцёры – навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Планаванне работы ў лагеры прадугледжвае правядзенне тэматычных дзён: дзень беларускай гульні, дзень бяспекі, дзень дружбы, дзень музычнай гульні, дзень спорту, дзень весялосці, дзень жэстаў, дзень экалогіі і інш.).
Весела і, на жаль, вельмі хутка праходзіць змена лагера, напоўненая цікавымі мерапрыемствамі, смехам, сустрэчамі і прыгодамі. Усе нашы педагогі прыкладаюць максімум намаганняў, каб для дзяцей Смаргонскага ЦКРНіР лета стала яркім.
Святлана РАДЗЬКО,
дырэктар аздараўленчага лагера “Сонейка” Смаргонскага ЦКРНіР