Гульня – што можа быць цікавей для дзіцяці? У гульні дзіця можа праявіць самастойнасць і незалежнасць, рэалізаваць свае жаданні і інтарэсы больш, чым у якой-небудзь іншай дзейнасці. У гульні развіваецца ініцыятыва, уменне выяўляць свае здольнасці, прымаць рашэнні.
Тыдзень гульні прайшоў у дзіцячым садзе № 10 Навагрудка. Цэлы тыдзень дзеці даведваліся шмат новага. Мы, выхавальнікі, расказвалі гісторыю цацак. Чыталі, развучвалі вершы пра цацкі. Дзеці гулялі ў розныя гульні: сюжэтна-ролевыя, будаўнічыя, настольна-друкаваныя і дыдактычныя.
У працэсе тэматычнага тыдня ў дзяцей сфармаваліся беражлівыя адносіны да цацак. Дзеці праявілі творчы падыход у прадуктыўных відах дзейнасці. Праца дапамагла ў развіцці іх камунікатыўных навыкаў.
Бацькі выхаванцаў з цікавасцю, клопатам і адказнасцю ўдзельнічалі ў мерапрыемстве. Дзякуючы супрацоўніцтву і сумеснай творчасці выхавальнікаў, дзяцей і бацькоў мы змаглі зрабіць тыдзень гульні пазнавальным і карысным для нашых выхаванцаў.
Менавіта гульня, па меркаванні псіхолагаў, з’яўляецца вядучым відам дзейнасці дашкольнікаў. Педагогам і бацькам заўсёды варта памятаць пра гэта і гуляць разам з дзецьмі.
Алена ШЫРАЕВА,
выхавальнік ясляў-сада № 10 Навагрудка