У самы разгар цёплага сонечнага лета ў Беларусі адзначаюць Купалле – адно з найстаражытнейшых народных святаў, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі, з якім звязана шмат дзіўных легенд і паданняў.
7 ліпеня ў Сольскім яслях-садзе адбылося фальклорнае свята “Купалле”. Гэта мерапрыемства праводзілася з мэтай далучэння выхаванцаў да беларускай культуры і традыцый, а самае галоўнае – мы хацелі падарыць дзецям святочны настрой.
У гэты дзень на свята да выхаванцаў завіталі Іван і Купалінка. Іван пазнаёміў дзяцей з гісторыяй узнікнення свята. Купалінка расказала пра традыцыі святкавання, а таксама навучыла дзяўчат плесці вянкі, якія разам пускалі на ваду.
На пряцягу ўсяго свята гучалі беларускія песні “Весялуха”, “Беларусачка”, “Купалінка”, “Ой рана на Івана”. Асобную радасць і азарт у дзяцей выклікалі народныя гульні, у якіх яны весела і з радасцю ўдзельнічалі. Вельмі прыемна было назіраць, як старанна нашы маленькія выхаванцы бегалі навыперадкі і стараліся перадаць эстафету іншым удзельнікам.
Завітаў у госці да нас і Лясун. Ён дапамог запаліць купальскае вогнішча, праз якое з задавальненнем пераскоквалі дзеці разам з Іванам і Купалінкай.
Але самым галоўным цудам гэтага свята з’яўляўся пошук папараць-кветкі. Паводле легенды яна квітнее ўсяго адну ноч у годзе – у ноч на Івана Купалу. Каму пашчасціць знайсці папараць-кветку, таго чакае шчасце і багацце, спраўдзяцца самыя запаветныя мары. Знайшоўшы кветку, кожны з нас загадаў жаданне.
Наперадзе яшчэ шмат цёплых летніх дзён, і мы спадзяёмся, што для нашых выхаванцаў яны гэтак жа, як і сёння, прынясуць шмат новых сюрпрызаў і радасці.
Вольга ШУЛЮК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Сольскага ясляў-сада Смаргонскага раёна