Значная роля ў летнім аздараўленні адводзіцца фізкультурна-спартыўнай рабоце. Галоўнай сваёй задачай у летні перыяд лічу арганізацыю дзейнасці дашкольнікаў такім чынам, каб кожны дзень прыносіў ім штосьці новае, быў напоўнены цікавым зместам, каб ўспаміны пра летні час, гульні, прагулкі, святы і забавы яшчэ доўга радавалі дзяцей.
Поспех аздараўленчай працы з дашкольнікамі залежыць ад таго, наколькі граматна і своечасова падрыхтаваліся да яе ўсе ўдзельнікі выхаваўча-адукацыйнага працэсу. Вопыт паказвае, што змест работы з дзецьмі ў летні перыяд найлепш рэалізуецца ў партнёрскай дзейнасці дарослага з выхаванцамі. Лічу вельмі важным і пастаянна практыкую ўключэнне педагога ў дзейнасць нараўне з дзецьмі. Тады дашкаляты больш ахвотна далучаюцца да такой дзейнасці, свабодна ўзаемадзейнічаюць і перамяшчаюцца ў час заняткаў.
Вельмі карысная і эфектыўная ў час летняга аздараўлення інтэграцыя фізкультурна-аздараўленчага і мастацка-эстэтычнга накірункаў. Таму падчас ранішняй гімнастыкі, фізкультурных заняткаў, рухомых гульняў і фізічных практыкаванняў на прагулках, фізкультурных дасугаў і святаў, дней здароўя заўсёды выкарыстоўваю музычнае суправаджэнне, яркі рэквізіт, уключаю элементы тэатральнай дзейнасці. Гэта дазваляе, на мой погляд, зацікавіць дашкольнікаў і адначасова развіваць іх фізічныя здольнасці.
З мэтай стварэння эмацыянальнага камфорту дзяцей у летні аздараўленчы перыяд уключаю выяўленчую дзейнасць ў спартыўныя святы. Праводжу забавы, якія даюць дзецям магчымасць эксперыментаваць з прыроднымі і выяўленчымі матэрыяламі, садзейнічаюць замацаванню ўяўленняў пра віды і жанры мастацтва.
У летні перыяд таксама ствараюцца спрыяльныя ўмовы для рухальнай актыўнасці і ўзмацнення аздараўленчага ўздзеяння фізічных практыкаванняў. Адбываецца гартаванне арганізму дзіцяці натуральнымі прыроднымі фактарамі: паветрам, вадой, сонцам. Таму ўсе кампаненты фізкультурна-аздараўленчай работы праводжу кожны дзень на свежым паветры.
Пры планаванні работы летам усе мерапрыемствы стараюся зрабіць больш цікавымі, разнастайнымі, карыснымі, бяспечнымі. Пры гэтым асабліва звяртаю ўвагу на тое, каб яны дабратворна ўплывалі на эмацыянальны стан і здароўе нашых дашкольнікаў.
Ганна АЎХІМЕНЯ,
кіраўнік фізічнага выхавання Вялікабераставіцкага ясляў-сада Бераставіцкага раёна