Летнія канікулы далі старт рабоце прышкольнага лагера “Горад здароўя”, які працуе на базе ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа п. Юбілейны, што знаходзіцца ў Ваўкавыскім раёне.
Кожны дзень змены адрозніваецца ад папярэдняга і напоўнены новымі ўражаннямі ад сустрэч з цікавымі людзьмі, вясёлымі гульнямі, эстафетамі і акцыямі. Наша раніца традыцыйна пачынаецца з актыўнай зарадкі, а пасля смачнага сняданку ўсіх выхаванцаў аздараўленчага лагера чакаюць мерапрыемствы: спартыўнае свята “Мы на старце”, майстэрня “Умелыя ручкі”, складанне калажа “Наша лета”, спаборніцтвы юных веласіпедыстаў “Бяспечнае кола”, караоке-шоу “Мая Беларусь”, гульня “Край родны мой – пасёлак Юбілейны” і многія іншыя.
Асаблівыя ўражанні ў нашых хлопчыкаў і дзяўчынак пакінуў дзень, прысвечаны малой радзіме. Вернісаж дзіцячага малюнка “Мой родны край”, пазнаваўчая віктарына “Мінулае і сучаснае п. Юбілейны”, завочнае знаёмства са славутымі людзьмі нашай мясцовасці, вясёлы карагод “Народныя песні нашай мясцовасці”, знаёмства з рэцэптамі народнай кухні нашых продкаў і нават смачны абед – так прайшоў гэты дзень. Наша ўстанова ўжо другі год запар працуе па рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці вучняў: інтэграцыя вучэбнай і пазавучэбнай дзейнасці ўстановы адукацыі – сацыякультурнага цэнтра рэгіёна”.
Такім чынам, нашы педагогі зрабілі яшчэ раз акцэнт на развіццё мясцовага краязнаўства непасрэдна ў родным пасёлку Юбілейны. А вось хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі пазнаёміцца з тым каштоўным матэрыялам, які быў сабраны на працягу двух гадоў інавацыйнай дзейнасці.
Мы лічым, што каб мацней любіць сваю радзіму, трэба пра яе ведаць як мага больш. У гэтым нам дапамагаюць кнігі, фільмы, экскурсіі. І ўсё ж матэрыял, які расказвае пра мінулае нашай мясцовасці, з’яўляецца, на наш погляд, самым галоўным і карысным у фарміраванні нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці падрастаючага пакалення.
Алена БАГДАНОВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў дзіцячага сада – сярэдняй школы п. Юбілейны Ваўкавыскага раёна