Правільная арганізацыя летняга адпачынку – гэта шлях да ўдасканалення асобасных здольнасцей, час адкрыццяў і прыгод. Гэта ўсё падарыў сваім выхаванцам аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Сонейка”.
Нягледзячы на няпростую эпідэмічную сітуацыю, усё ж вырашана – лагеру быць! Але толькі выконваючы пэўныя ўмовы. Пры ўваходзе размясцілі таблічку “Уваход толькі ў масках!”, а побач – тлумачэнне, як правільна іх насіць. Ранішні прыём рабят і ўсіх работнікаў лагера пачынаўся з вымярэння тэмпературы і фіксацыі вынікаў у журнале. Для гэтага былі выдзелены спецыяльныя бескантактавыя тэрмометры. Памяшканні дэзінфіцыравалі некалькі раз у дзень, сярод выхавальнікаў увялі абавязковы масачны рэжым.
У лагеры “Сонейка” аздаравілася 24 вясёлых гарэзлівых школьнікі. Дзеці ад 6 да 10 гадоў адпачывалі ў атрадзе “Вясёлыя рабяты”, а старэйшыя выхаванцы (11–13 гадоў) былі ў атрадзе “Усмешка”.
Жыццё ў лагеры стала падарожжам па казачнай краіне. Кожны дзень быў прысвечаны пэўнай тэматыцы. З вялікім поспехам прайшоў дзень здароўя. Рабяты ўдзельнічалі ў спартыўна-гульнявой праграме, дзе паказалі сваю фізічную падрыхтоўку, кемлівасць, розум і спрыт. Яркім вынікам стаў спартыўны танец чырлідараў.
У лагеры не толькі гуляюць, весяляцца, але і вывучаюць гістарычныя падзеі. Так, 22 чэрвеня прайшоў Дзень памяці. У рамках святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі выхаванцы здзейснілі віртуальную экскурсію ў мемарыяльны комплекс “Хатынь”, наведалі мемарыяльны комплекс Шаўлічы (вёска ў Ваўкавыскім раёне, якая паўтарыла лёс Хатыні). Не прайшлі яны міма конкурса малюнкаў на тэму “Дзякуй за мірнае неба!”.
Дзень бяспекі выхаванцы чакалі з нецярпеннем, бо сустрэчы з супрацоўнікамі РАНС Ваўкавыска заўсёды праходзяць вельмі цікава. Дзецям выпаў гонар пабыць у ролі выратавальніка: прымерыць спецвопратку, патрымаць у руках працоўны інструмент. Супрацоўнікі РАНС зладзілі сілавыя выпрабаванні для рабят: яны праходзілі ў касцюме пажарнага паласу перашкод, перацягвалі пажарны рукаў, дзялілі грыбы і ягады на ядомыя і неядомыя.
Гэта толькі малая частка таго, што запомнілася выхаванцам за змену. Спадзяёмся, гэтыя цёплыя жывыя ўспаміны прывядуць іх да нас і ў наступным годзе.
Яўгенія НАВАСАД,
дырэктар летняга аздараўленчага лагера “Сонейка”
Гнезнаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна