Лагер працы і адпачынку на базе ўстановы адукацыі – адзін з эфектыўных спосабаў арганізацыі вольнага часу навучэнцаў на канікулах. На працягу многіх гадоў у Маларыцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці дзейнічае лагер з дзённым знаходжаннем “Аграрый”.
– Лагер дапамагае арганізаваць цікавы і карысны адпачынак, занятасць і аздараўленне юнакоў, – расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ліцэя Аксана Мірчук. – Праграма змены ўдала спалучае розныя справы і мерапрыемствы, якія дазваляюць паспяхова вырашаць многія адукацыйныя і выхаваўчыя задачы.
Кожны лагерны дзень пачынаецца з фіззарадкі. Прадугледжаны таксама рухавыя гульні на свежым паветры.
Юнакі дапамагаюць педагогам у падрыхтоўцы да новага навучальнага года: добраўпарадкоўваюць і прыбіраюць тэрыторыю ліцэя і вучэбнай гаспадаркі, рамантуюць мэблю ў інтэрнаце і інш. Па выніках змены ўсе навучэнцы атрымаюць грашовыя прэміі.
Вялікая ўвага ў лагеры надаецца прафілактычнай рабоце, здароваму ладу жыцця і бяспецы. З гэтай мэтай запланавана шмат сустрэч з прадстаўнікамі розных прафесій і службаў.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара