У мэтах усебаковага развіцця дзіцяці, а таксама павышэння прафесійных навыкаў педагогаў у навучальных установах Свіслацкага раёна для дашкалят і малодшых школьнікаў ствараліся экалагічныя сцежкі. А далей быў праведзены конкурс, у якім усе прадэманстравалі сваю работу.
Творчы падыход і прафесіяналізм педагогаў дазволілі арганізаваць экалагічную прастору, спланаваць вучэбную дзейнасць, у тым ліку эфектыўныя метадычныя прыёмы і распрацоўку метадычных матэрыялаў.
Пры ўездзе на тэрыторыю, няхай гэта будзе дзіцячы сад ці школа, дзяцей сустракае гаспадар сцежкі. Сваёй легендай, гісторыяй, казкай ён накіроўвае дзяцей у падарожжа. Так, напрыклад, у Цэнтры развіцця дашкольнікаў Свіслачы ў ролі гаспадара выступае зроблены з пластыкавых лыжак бусел Буся, у Ханевіцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе – выразаны з драўлянага бярвення дзядуля Барадзейка, у Навадворскім яслях-садзе – драўлянае зубраня па мянушцы Рыжык.
У кожнай установы свой падыход. Так, у Свіслацкім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці малыя штодзень назіраюць за зменамі надвор’я на створанай метэастанцыі. У Вердаміцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе і дзіцячым садзе № 2 Свіслачы дашкаляты падчас экалагічных прагулак па тэрыторыі дзіцячага сада навучаюцца даглядаць за гароднінай на створаным аб’екце “Агарод”. У Грынькоўскім дзіцячым садзе – пачатковай школе, Дварчанскім дзіцячым садзе – пачатковай школе ёсць станцыі “Прывал” і “Пасядзелкіна”, на якіх дзеці з выхавальнікамі чытаюць казкі, апавяданні і вершы.
У Карнадскім дзіцячым садзе – пачатковай школе стварылі “Летнюю лабараторыю”, а ў Ханевіцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе – станцыю “Даследчык”, каб у малых была магчымасць праводзіць розныя эксперыменты і вывучаць уласцівасці жывых і нежывых аб’ектаў. Навукова-даследчая дзейнасць дае дзецям дакладныя ўяўленні пра працэсы ўзаемаадносін у прыродзе.
Гуляючы на станцыях “Палянка адпачынку” у Вердаміцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе і “Давай пагуляем і адпачнём” у Навадворскім яслях-садзе, дзеці знаёмяцца з унікальнасцю і цэласнасцю не толькі пэўнага жывога арганізма, але і экасістэм.
Рэалізацыя экалагічных праектаў, створаных сумесна педагогамі, выхаванцамі, школьнікамі і іх бацькамі, дапамагае дзецям уяўляць сябе маленькімі чараўнікамі, здольнымі захоўваць і абараняць прыроду. І чым больш дзеці даведаюцца пра прыроду, тым больш будуць яе любіць.
Ганна ЯНУЧАК,
метадыст Свіслацкага вучэбна-метадычнага кабінета