На працягу ўсяго жыцця чалавека тэма хлеба заўсёды была і будзе актуальнай. У нашым дзіцячым садзе мы працуем у гэтым кірунку не першы год. Выхоўваючы ў дзяцей дашкольнага ўзросту павагу да працы хлебаробаў, даводзім да іх свядомасці тое, што хлеб – вынік нялёгкай дзейнасці працаўнікоў вёскі.
Увесь тыдзень, з 20 па 24 ліпеня, дзеці знаёміліся з тым, як хлеб вырошчваюць, як ён трапляе да нас на стол. Выхаванцы даведаліся шмат новага пра працу земляробаў, прасачылі шлях зярнятка пшаніцы да смачнага румянага каравая на стале.
Падчас гутарак педагогі расказалі дзецям пра значэнне хлеба ў жыцці чалавека, пра людзей, якія вырошчваюць яго, пра тое, што выкарыстоўваем мы не толькі каласы, але і салому, напрыклад, у жывёлагадоўлі.
Чытанне і развучванне вершаў, прыказак і прымавак пра хлеб дапамаглі малым зразумець, што хлеб – гэта адзін з самых галоўных прадуктаў харчавання.
Выхаванцы разглядалі альбомы “Адкуль хлеб прыйшоў”, “Як нашы продкі вырошчвалі хлеб”. Пасля педагогі прапанавалі ім падзяліцца сваім уяўленнем пра каштоўнасць хлеба ў малюнках на тэмы “Хлеб – гаспадар дома” і “Беражы хлеб”.
Тэма хлеба працягвалася і на прагулках. Выхавальнікі арганізоўвалі рухомыя гульні “Мышы ў каморы”, “Знайдзі пару”, “Каравай”. У пазнавальна-практычнай дзейнасці дашкаляты даследавалі каласкі, шукалі маленькія зярняткі, вывучалі ўласцівасці мукі. Яны нават паспрабавалі папрацаваць з цестам (праўда, салёным) і з задавальненнем зрабілі кожны па невялікай звязцы “абаранкаў”.
Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з пальчыкавымі гульнямі “Цеста”, “Хлябок”, “Пекар”, “Бліны”, дыдактычнымі гульнямі “Даведайся па паху, што пад сурвэткай”, “Што спачатку, што потым?” і інш. “Вельмі цікавую аплікацыю “Хлебны каласок”выканалі выхаванцы старшай групы. Цудоўныя атрымаліся каласкі, зусім як сапраўдныя!
Выхаванне беражлівых адносін да хлеба – адна з многіх задач маральнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту. Так фарміруюцца іх уяўленні пра працу земляробаў і павага да чалавека працы.
Вольга ХАМЯНКОВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 5 Кармы