У магілёўскіх навучальных установах ва ўсю моц ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года. Рамантуюцца класы, закупляецца новае абсталяванне, наводзіцца парадак у актавых і спартыўных залах, на прылеглай тэрыторыі. Верасень ужо не за гарамі, таму ўвага пытанням падрыхтоўкі надаецца адпаведная.
– На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі рэгіёну да новага навучальнага года з абласнога бюджэту выдзелены сродкі ў памеры звыш 11 млн 431 тыс. рублёў. На рамонтныя работы таксама актыўна прыцягваюцца сродкі з іншых крыніц фінансавання. Усе яны накіроўваюцца на работы, звязаныя са стварэннем бяспечных, аптымальных санітарна-гігіенічных умоў для арганізацыі адукацыйнага працэсу, і на ўмацаванне вучэбнай і матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. Адметна, што ў шэрагу навучальных устаноў сёлета былі праведзены маштабныя капітальныя рамонты, – паведаміла кіраўнік Магілёўскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці ўстаноў адукацыі Ганна Сіманоўская.
Па яе словах, капітальныя рамонты прайшлі ва ўстановах адукацыі Магілёва, у Асіповіцкім, Быхаўскім, Горацкім і Кіраўскім раёнах. Шмат чаго было зроблена ў рамках праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь” за кошт сродкаў пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. Калі дакладней, па гэтай праграме вядзецца капітальны рамонт з мадэрнізацыяй у сярэдняй школе № 2 Глуска, Мышкавіцкай сярэдняй школе Кіраўскага раёна, Лапіцкай сярэдняй школе Асіповіцкага раёна, сярэдняй школе № 2 Слаўгарада, Вяззеўскай сярэдняй школе Асіповіцкага раёна. Значныя сродкі па рашэнні аблвыканкама былі накіраваныя на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў навучальных устаноў і замену аконных блокаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі Магілёва. Акрамя таго, у адпаведнасці з рэгіянальнай інвестыцыйнай праграмай зараз вядзецца будаўніцтва новых устаноў адукацыі.
Магчымасць зірнуць на афіцыйную інфармацыю на справе ўзнікла падчас наведвання сярэдняй школы № 18 Магілёва. У апошнія дні ліпеня гэтая навучальная ўстанова ўжо амаль гатовая да прыёму навучэнцаў. І гэта нягледзячы на тое, што ў летнія месяцы тут ішоў капітальны рамонт басейна. Як заўважыў дырэктар школы Сяргей Боніч, на рамонтныя работы сёлета было выдзелена нямала працоўных і матэрыяльных рэсурсаў.
– На капітальны рамонт басейна затрачана больш аднаго мільёна рублёў. Мы цалкам замянілі плітку, электраправодку і свяцільнікі ва ўсіх памяшканнях, усталявалі паўсюдна новыя дзверы, новыя душавыя і раздзявальні. Абноўлена сістэма вентыляцыі, сістэма водападрыхтоўкі ў басейне, – распавёў Сяргей Барысавіч.
Акрамя басейна, у школе правялі касметычны рамонт, адрамантавалі спартыўную залу і памяшканні для пераапранання пры ёй, завяршылі замену дзвярэй. Змяніліся і шэраг вучэбных кабінетаў – тэхнічнае перааснашчэнне і бягучы рамонт закранулі кабінеты фізікі, англійскай мовы і хіміі. Па лініі Міністэрства адукацыі быў перааснашчаны кабінет біялогіі.
Яслі-сад № 112 Магілёва таксама ўжо падрыхтаваўся да новага навучальнага года. Калектыў гэтай дашкольнай установы да працэсу падрыхтоўкі падыходзіць творча, імкнучыся са звычайнага зрабіць неардынарнае. Гэты творчы падыход праяўляецца ва ўсім, ледзь зойдзеш на тэрыторыю садка – розныя малыя архітэктурныя формы, багацце кветак на клумбах, яркія гульнявыя пляцоўкі.
– Мы надаем вялікую ўвагу добраўпарадкаванню тэрыторыі. Кожны год стараемся прыўнесці нешта новае. Напрыклад, сваімі рукамі стварылі тапіарый. Што ж тычыцца падрыхтоўкі да чарговага навучальнага года, то сёлета мы адрэстаўравалі агароджу, дадалі гульнявое і разнастаілі спартыўнае дваровае абсталяванне, усталёўваем два ценявых навеса на тэрыторыі. У нас цалкам былі заменены ўсе аконныя блокі, абтынкованы і афарбаваны фасад будынка, касметычна адрамантаваны харчаблок і абноўлена памяшканне пральні. Традыцыйна праведзены поўны ўнутраны касметычны рамонт у групах. Пры дапамозе апякунскага савета былі закуплены вялікія гульнявыя тэматычныя модулі для дзяцей. Адным словам, мы пастараліся стварыць максімальна камфортныя ўмовы для нашых выхаванцаў, – падкрэсліла загадчык ясляў-сада № 112 Аксана Кузьмянкова.
Вельмі маштабныя рамонтныя работы былі сёлета праведзены і ў навучальных установах Асіповіцкага раёна. На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года тут накіравалі звыш 3,4 млн рублёў. Сродкі задзейнічаны на рамонт школ і дзіцячых садоў, устаноў дадатковай адукацыі, у якіх былі праведзены касметычныя рамонты, заменены і адрамантаваны дах, вокны, фасады, абноўлена мэбля і навучальнае абсталяванне, тэхналагічна пераабсталяваны харчаблокі. Найбольш істотныя работы за кошт сродкаў Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця прайшлі ў Лапіцкай сярэдняй школе. Гэта ўстанова цяпер выглядае як новая. Наогул, ва ўсіх навучальных установах раёна створаны ўсе неабходныя ўмовы для атрымання якаснай, паўнавартаснай адукацыі.
Як можна пераканацца, установы адукацыі Магілёўшчыны да чарговага навучальнага года амаль гатовыя. Таму можна не сумнявацца, што ў хуткім часе дзіцячыя галасы зноў зазвіняць у сценах кожнай школы, кожнай навучальнай установы рэгіёну.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара
На фота: абноўленыя яслі-сад № 112 і сярэдняя школа № 18 Магілёва