З надыходам лета вучні 8 “А” класа сярэдняй школы № 7 Навагрудка апынуліся ў розных кутках Беларусі. Хтосьці застаўся дома, хтосьці паехаў у іншы горад да сваякоў, хтосьці – у лагер. Але як добра, што дзякуючы інтэрнету можна адначасова сустрэцца па відэасувязі і абмяняцца пэўнымі думкамі і меркаваннямі пра адпачынак, цікавыя падзеі і сустрэчы.
А яшчэ мы падчас такой сустрэчы задумалі адправіцца ў віртуальнае падарожжа.
У час віртуальнай экскурсіі вучні ўяўлялі сябе мастакамі, дзе маляваць трэба было не фарбамі, а словамі, стваралі карціну пра нашу Бацькаўшчыну, дзе кожнае прыгожае слова трэба было растлумачыць.
Сінявокая: у нас шмат прыгожых азёр, рэк, у полі растуць сінія васількі. Зялёная: багатая на лясы, лугі, палі. Міралюбівая: беларусы – гасцінны народ. Прыгожая: непаўторная прырода, чыстыя гарады і вёскі. Шчодрая: дорыць багаты ўраджай садавіны, гародніны, ягад. Талерантная: беларусы паважаюць людзей розных поглядаў. Партызанская… і шмат іншых. Атрымалася цудоўная карціна.
Нагадалі легенду У.Караткевіча з нарыса “Зямля пад белымі крыламі”, у якой апавядаецца, якім райскім куточкам надзяліў Бог беларусаў. Успомнілі, якое значэнне мае белы колер, што прысутнічае ў назве нашай краіны, паразмаўлялі пра святыні, якія шануюць беларусы, і пра традыцыі. Напрыканцы віртуальнага падарожжа “Мая любімая Беларусь” школьнікі падрыхтавалі турнір “Ты – мне, я – табе”, дзе задавалі адзін аднаму пытанні, звязаныя з гісторыяй Беларусі, а пад канец падзяліліся сваімі фотаздымкамі з улюбёных мясцін Радзімы, дзе пабывалі гэтым летам. Тут і родны Навагрудак, і Ліда, і Нясвіж, і Завоссе, і Каробчыцы, і іншыя прыгожыя куточкі нашай краіны.
В.В.МАНЮК,
класны кіраўнік 8 “А” класа СШ № 7 Навагрудка