Творчыя гульні на асфальце ў дзіцячым садзе

- 23:14МИНЩИНА, Регионы

 

 

Маляванне на асфальце – гэта не толькі вельмі займальны занятак, але яшчэ і пазнанне дзецьмі навакольнага свету, творчасць, палёт фантазіі, трэніроўка ўвагі, дробнай маторыкі, развіццё творчых здольнасцей, а самае галоўнае – добры настрой.

Наўрад ці знойдзеш чалавека, які б не маляваў у дзяцінстве крэйдамі на асфальце. Дзіця ў гэты момант атрымлівае зусім іншыя ўражанні, чым пры рабоце з алоўкам ці пэндзлікам на паперы. Які малюнак у рэшце рэшт з’явіцца на асфальце – зусім не важна, важны сам працэс малявання, ён дастаўляе дзецям велізарнае задавальненне.

Адзін з дзён жніўня ў нашай дашкольнай установе быў абвешчаны Днём юнага мастака (малявання на асфальце). Большасць “карцін” атрымаліся калектыўнымі. Ужо ў працэсе малявання і абмеркавання паміж сабой малюнкаў у дзяцей найцікавейшым чынам атрымліваўся адзін агульны сюжэт. Так, дамаўляючыся і абмяркоўваючы, дзеці набывалі найважнейшыя камунікатыўныя навыкі.

Асфальт стаў вялікім палатном для бясконцай дзіцячай творчасці. Не забыліся і пра рухальную актыўнасць дзяцей. Бо, акрамя малюнкаў і класікаў, ёсць яшчэ маса займальных гульняў, у якія можна пагуляць на вуліцы з крэйдамі.

Гульні, у якіх “выкарыстоўваюцца” крэйды і асфальт, не патрабуюць з боку выхавальніка дашкольнай адукацыі нейкай спецыяльнай падрыхтоўкі, абсталявання і дадатковага месца. Іх можна арганізаваць там, дзе ляжыць асфальт – на групавым участку, на дарожках дашкольнай установы. Колькасць дзяцей-удзельнікаў бязмежная, правілы прадугледжваюць адначасовы ўдзел у гульні ўсіх дзяцей, тут не можа быць тых, хто прайграе.

Гульні і практыкаванні шматфункцыянальныя, у іх шмат варыянтаў. Гэта дае прастор для творчасці выхавальніка і выхаванцаў. Адну і тую ж гульню можна арганізоўваць кожны дзень праз розныя віды рухальнай актыўнасці. Пры гэтым можна выкарыстоўваць розныя, іншыя малюнкі, не падобныя на тыя, што ўжо былі ў той ці іншай гульні.

Змяняючы гульнявую сітуацыю, мы ўносім разнастайнасць у працэс, развіваем фізічныя якасці і навыкі дзяцей: шпаркасць рэакцыі, спрыт, раўнавагу, каардынацыю рухаў, трываласць, прасторавую арыенціроўку, вокамер.

Адной з самых любімых гульняў нашых выхаванцаў стала “Дамалюй, паспрабуй”. Выхавальнік малюе якую-небудзь дэталь, напрыклад, круг. Іншы ўдзельнік – дзіця можа дамаляваць, што яно бачыць. Зусім не абавязкова, што гэта атрымаецца кветка. Можа атрымацца і сонейка, і гадзіннік, і ўсё што можна. Уяўленню дзяцей няма мяжы! Гэта часам бывае вельмі незвычайна, пра што дарослы чалавек ніколі не падумаў бы і не здагадаўся б.

Часта мы гулялі ў “Малюем сілуэт”. У сонечны дзень можна паназіраць з дзецьмі за сонцам, за тым, як яно рухаецца на працягу дня (раніца – дзень – вечар), як кладуцца цені ад розных прадметаў, напрыклад, ад галінак дрэва або куста і г.д. Няхай дзеці абмалююць цені дрэў. Гэта вельмі займальна. Атрымліваецца самы незвычайны лес – асаблівы.

Прыходзячы ўвечары за дзецьмі, бацькі дзівіліся творчасці сваіх дзяцей. Многія з цяжкасцю верылі, што іх дзіця так можа тварыць. У гэтыя хвіліны ў вачах бацькоў чыталася здзіўленне, а ў вачах дзяцей – гонар. Многія бацькі з задавальненнем ўдзельнічалі ў сумеснай творчасці.

Да канца дня ўсе асфальтавыя дарожкі на тэрыторыі сталі падобныя на рознакаляровы дыван.

Малюйце, тварыце разам з дзецьмі – вы даведаецеся шмат цікавага пра дзіцячы свет!

Вольга АНТАНОВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі Клецкага дзіцячага сада № 1

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий