Уступная кампанія завершана

- 7:45МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

 

 

У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова падвялі вынікі ўступнай кампаніі – 2020.

Сёлета на дзённую форму за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту тут былі залічаны 310 абітурыентаў, на ўмовах аплаты – 242. Першакурснікамі завочнай формы навучання сталі 337 абітурыентаў, з якіх 134 будуць вучыцца за кошт бюджэту, а яшчэ 202 – за ўласныя сродкі. Сярэдні конкурс па спецыяльнасцях дзённай формы навучання на бюджэтнай аснове склаў 1,5, а на завочнай форме – 1,8 чалавека на месца.

– Найбольш папулярнымі спецыяльнасцямі на дзённай бюджэтнай форме навучання ў гэтым годзе сталі “Правазнаўства” (338 – прахадны бал; 11 чалавек на месца) і “Эканамічнае права” (327 – прахадны бал; 6 чалавек на месца). Вялікім попытам сярод абітурыентаў карысталіся таксама спецыяльнасці “Рамана-германская філалогія”, “Лагапедыя”, “Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны”, “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”. Зацікавілі маладых людзей і нашы новыя спецыяльнасці. Так, на спецыяльнасць “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” быў конкурс 2,5 чалавека на месца, на спецыяльнасць “Медыка-біялагічная справа” – 3,2 чалавека на месца, – паведаміла адказны сакратар прыёмнай камісіі УВА Жанна Барсукова.

Па яе словах, большасць сёлетніх першакурснікаў – прадстаўнікі Магілёва і Магілёўскай вобласці. Шмат маладых людзей прыязджалі паступаць ва ўніверсітэт з Мінскай, Гомельскай, Віцебскай абласцей. Трэба адзначыць, што МДУ імя А.А.Куляшова даволі папулярны і сярод замежнай моладзі.

Наогул, у гэтым годзе, як і ў мінулым, план прыёму на навучанне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ва ўніверсітэце быў выкананы без абвяшчэння дадатковага набору.

МДУ імя А.А.Куляшова заўсёды цікавы абітурыентам. Ва ўстанове пастаянна аналізуюць тэндэнцыі на рынку працы, адпаведна абнаўляюць пералік наяўных спецыяльнасцей. Вялікую ўвагу надаюць таксама прафарыентацыйнай рабоце. Сёлета, улічваючы складаную эпідэміялагічную сітуацыю, прафарыентацыю тут у асноўным праводзілі ў анлайн-рэжыме: быў арганізаваны шэраг стрымаў – трансляцый, падчас якіх любы малады чалавек мог задаць хвалючае пытанне і атрымаць на яго адказ у рэжыме рэальнага часу. Такая актыўная дзейнасць прыносіць свой плён, бо дазваляе ўніверсітэту не губляць прывабнасці ў вачах абітурыентаў і іх бацькоў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота з архіва

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий