У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 58 Гродна арганізавалі святкаванне Арэхавага Спаса – трэцяга і апошняга ў чарадзе народных жнівеньскіх святаў, якое, па народных традыцыях, сімвалізуе расстанне з летам і хуткае наступленне восеньскіх дзён.
Дзеці сабраліся на гульнявой пляцоўцы дашкольнага цэнтра, каб разам пагаварыць пра традыцыі Арэхавага Спаса і без суму развітацца з цёплым летам. Арэхавым, або Хлебным, называюць Спас таму, што ён па часе супадае з заканчэннем палявых работ і пачаткам збору ўраджаю арэхаў. Таму на свяце галоўным атрыбутам і пачастункам сталі арэхі.
Гаспадыня свята Вавёрка правяла з дзецьмі музычна-дыдактычныя гульні “Знайдзі арэх” і “Звонкі арэшак”, арганізавала пазнавальную віктарыну “Назаві казкі пра арэхі” і правяла эстафеты “Перадай арэшак па крузе”, “Вавёрка-вавёрка, не марудзь і арэшак даганяй”. Выконваючы заданні, дзеці навобмацак распазнавалі арэхі, шукалі іх у цудоўных мяшочках і аддзялялі арэхі ад збожжа пшаніцы. Арэхавы Спас “гучаў” ў суправаджэнні “Арэхавага аркестра”, у якім ролі музычных інструментаў выконвалі арэхі.
Атрымалася вясёлая песенька пра арэшкі. А саспеламу збожжу пшаніцы, якое перамолваюць у муку, а потым з мукі выпякаюць смачны духмяны хлеб, таксама была адведзена важная роля на свяце. Дзецям у гульнявой форме распавялі, адкуль прыходзіць хлеб на стол. Яны адгадвалі загадкі, успаміналі прыказкі і прымаўкі пра хлеб, адным словам, весела і з карысцю праводзілі апошнія летнія дзянькі.
Вольга КЛІМ,
загадчык ДЦРД № 58 Гродна